Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў да канца года забяспечыць безумоўнае выкананне патрабаванняў па падрыхтоўцы планаў мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Аб гэтым ён заявіў сёння на селектарнай нарадзе.

«Да 1 студзеня на кожным прадпрыемстве, уключаючы бюджэтныя, павінны быць адпаведныя планы мадэрнізацыі, зацверджаныя і ўзгодненыя», — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, некаторыя арганізацыі спрабуюць «закрыцца» бізнес-планамі. «Аднак бізнес-план, як правіла, характарызуе аб’ём вытворчасці, гэта значыць вытворчую дзейнасць, — нагадаў прэм’ер-міністр. — План мадэрнізацыі трэба разглядаць шырэй — гэта пытанні падрытоўкі кадраў, сацыяльныя пытанні, міжнародная дзейнасць і гэтак далей».

«Я патрабую, каб за астатнія дні ўсё было зроблена, у тым ліку па кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі, — дадаў Міхаіл Мясніковіч.

— Нават тыя арганізацыі, якія плануюцца для ўваходжання ў канцэрны, холдынгі або аб’яднанні павінны мець адпаведныя планы мадэрнізацыі».

Аналізуючы вынікі года, прэм’ер-міністр канстатаваў, што практычна ўсе міністэрствы не выконваюць дадаткова зацверджаныя пастановай Савета Міністраў нумар 1779 заданні, асабліва па знешнеэканамічнай дзейнасці. «Што датычыцца валавога рэгіянальнага прадукту, паказчыкаў экспартна-імпартных аперацый у разрэве абласцей, то ў лепшы бок вылучаюцца Віцебская і Мінская вобласці, горш за ўсё — Брэсцкая вобласць і горад Мінск», — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама спыніўся на праблемных пытаннях сельскай гаспадаркі, у прыватнасці ў сферы рэалізацыі малака. Горш працуюць у гэтым напрамку Віцебская і Магілёўская вобласці, дзе па стану на 6 снежня паказчыкі па продажы малака выкананы адпаведна на ўзроўні 98,2 працэнта і 99,95 працэнта ў параўнанні з мінулым годам. Міхаіл Мясніковіч даручыў удзяліць увагу вырашэнню гэтых пытанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?