Уладальнікі інтэрнэт-кафэ і камп'ютарных клубаў змогуць выкарыстоўваць альтэрнатыўныя спосабы ідэнтыфікацыі карыстальнікаў — з дапамогай тэхнічных сродкаў фота-, відэафіксацыі або іншым праграмна-тэхнічным спосабам, уключаючы SMS-паведамленне, што забяспечвае супастаўленне сеткавых рэквізітаў карыстальнікаў з іх персанальнымі данымі.

Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 1191 ад 22 снежня 2012 года,
паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Канкрэтны спосаб ідэнтыфікацыі будзе вызначацца кіраўніком пункта калектыўнага карыстання або ўпаўнаважанай ім асобай.

Цяпер ідэнтыфікацыя карыстальніка (а гэта абавязковая ўмова аказання паслуг перадачы даных) у пунктах калектыўнага карыстання праводзіцца шляхам уліку яго персанальных даных (імя, імя па бацьку, прозвіша, від і нумар дакумента, што дае магчымасць ідэнтыфікаваць асобу яго ўладальніка, назва органа, які яго выдаў). Аднак прыкладна праз месяц у наведвальнікаў інтэрнэт-кафэ могуць перастаць патрабаваць дакументы, што засведчваюць асобу.

Пры выкарыстанні сродкаў фота-, відэафіксацыі іх размяшчэнне павінна выбірацца такім чынам, каб фіксаваць уваход (уваходы) у памяшканне, агульны план памяшкання з размяшчэннем рабочых месц, а таксама месца (месцы) аплаты за аказаныя паслугі.

Пры гэтым неабходна выключыць магчымасць фіксацыі інфармацыі, што адлюстравана на экране манітора, і інфармацыі, набіраемай карыстальнікамі на ўстройствах уводу інфармацыі.

Сродкі фота- і відэафіксацыі з'яўляюцца элементам агульнай сістэмы аховы памяшкання пункта калектыўнага карыстання. Тэхнічныя характарыстыкі сродкаў фота- і відэафіксацыі, месца іх размяшчэння і ўмовы іх выкарыстання павінны адпавядаць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў і змяшчацца ў праектнай дакументацыі на сістэму аховы.

Пры аказанні карыстальнікам паслуг перадачы даных і тэлематычных паслуг у камп'ютарным клубе або інтэрнэт-кафэ і ідэнтыфікацыі карыстальніка кіраўнік або ўпаўнаважаная ім асоба забяспечвае вядзенне, улік і захоўванне зафіксаванай інфармацыі.

Пастанова ўступіць у сілу праз месяц пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?