«У апошні час з боку супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі пашырылася практыка пераследу і ціску на навучэнцаў праграмы імя К. Каліноўскага. Супрацоўнікі камітэту запрашаюць студэнтаў‑каліноўцаў на размовы на прыватных кватэрах, сустракаюць іх на чыгуначных вакзалах, калі стыпендыяты праграмы вяртаюцца ў Беларусь на вакацыі, наведваюць студэнтаў і іх бацькоў на ўласных кватэрах і па месцу працы. Нярэдка супрацоўнікі камітэта спрабуюць схіліць удзельнікаў праграмы імя К.Каліноўскага да так званага «супрацоўніцтва»», — гаворыцца ў заяве лідэра дэмакратычных сіл.
Аляксандр Мілінкевіч звяртае ўвагу на тое, паводле наяўных у яго каманды шматлікіх фактаў, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі падчас кантактаў з навучэнцамі праграмы імя К. Каліноўскага неаднаразова выкарыстоўвалі ў сваёй працы метады, якія парушаюць пералічаныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
«Інфармацыя пра факты ціску на моладзь — удзельнікаў праграмы К.Каліноўскага з боку Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а таксама пра асобы датычныя да гэтага, з’яўляецца прадметам пільнай увагі з боку грамадзянскай супольнасці. Усім гэтым фактам будзе надавацца грамадская і міжнародная агалоска», — падкрэсліваецца ў звароце лаўрэата прэміі Еўрапейскага Парламенту імя Андрэя Сахарава «За Свабоду думкі»
Аляксандр Мілінкевіч заклікае супрацоўнікаў КДБ у будучым устрымацца ад практыкі палітычна матываванага пераследу грамадскіх актывістаў і спыніць ціск, запужванне і спробы вярбоўкі ў дачыненні да студэнтаў‑стыпендыятаў праграмы імя К.Каліноўскага.