У Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы, якое знаходзіцца ў Слуцку, 28 снежня чакаюць у госці Аляксандра Лукашэнку. Па словах навучэнцаў, кіраўнік дзяржавы прабудзе каля сарака хвілін, але рыхтуюцца да яго візіту цэлы месяц.

З-за рэпетыцый удзельнікам балю скарацілі колькасць урокаў і працягнулі чвэрць.

— Вакацыі ў нас перанеслі з 23 на 29 снежня, — падзяліліся навучэнцы.

Як распавялі карэспандэнту «Салідарнасці» юныя кадэты, да навагодняга балю ў будынку зрабілі рамонт, на тэрыторыі вучылішча — новая плітка і ліхтары. А ў самой навучальнай установе з’явіўся новы клас з камп’ютарамі. Сюды павінны прывесці кіраўніка дзяржавы, каб ён мог пагутарыць з вучнямі, якія лепш за ўсіх валодаюць замежнымі мовамі.

— А прэзідэнт ведае замежныя мовы?

— Напэўна, — бянтэжыцца кадэт.

Спецыяльна да візіту Лукашэнкі для навучэнцаў пашылі касцюмы і бальныя сукенкі за дзяржаўны кошт. А вось прычоскі дзяўчынкам прыйдзецца рабіць за свой.

— Да нас павінен быў прыехаць цырульнік з Мінска, але чамусьці ўсё адмянілася. Дзяўчынкам далі заданне купіць лакі, пенкі, гелі, шпількі. Цяпер яны трэніруюцца рабіць укладкі.

Па падліках навучэнцаў, прычоска абыйдзецца кадэтцы прыкладна ў 200 тысяч рублёў.

Не ва ўсіх выхаванцаў вучылішча ёсць бацькі. Некаторых выхоўваюць бабулі або іншыя сваякі, якім і прыйшлося ўзяць на сябе гэтыя траты.

Маштабны рамонт вучылішча і выдаткі на прычоскі слуцкім кадэткам здаюцца дробяззю ў параўнанні з тым, як рыхтаваліся да сустрэчы з першай асобай краіны ў іншых рэгіёнах: каровам фарбавалі капыты, у паляўнічых забіралі стрэльбы і нават адстрэльвалі галубоў.

— Пакуль невядома, ці прыедзе ён з малодшым сынам, — распавядае іншы выхаванец кадэцкага вучылішча. — Але дзяўчынка рэпеціруе вальс, каб з Колем танцаваць.

— А як яе выбіралі? Быў нейкі кастынг?

— Нічога не ведаю, — кажа суразмоўца. — А вось з прэзідэнтам будзе танцаваць дзяўчынка з Віцебскай вобласці.

Усе хвалююцца, а раптам Лукашэнка яе спытае і даведаецца, што яна не з Мінскай вобласці. Што тады?

Але мяркуючы па размовы з кадэтамі з іншых класаў, ніякіх экспромтаў падчас візіту кіраўніка дзяржавы не чакаецца: усё пройдзе па сцэнары.

— Нам даслалі пытанні, якія ён будзе задаваць, — распавядаюць падлеткі. — І нашы адказы таксама.

І на самай справе, не будзе ж Лукашэнка ладзіць чыноўнікам публічную лупцоўку пры дзецях або пагражаць турмой начальнікам прадпрыемстваў.

Перад Новым годам нават кіраўнікі таталітарных краін хочуць выглядаць у вачах падданых як добры Дзядуля Мароз.

Першы выпуск кадэтаў.

Першы выпуск кадэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?