Сёння, 28 снежня, на Беларускай валютна-фондавай біржы адбыліся апошнія за год таргі. Па іх выніках рубель апусціўся да кошыка валюты яшчэ да 0,4%. Такім чынам,

па выніках года нацыянальная валюта абясцэнілася на 5,2%.
Валютны кошык складаецца ўсяго з трох валют — даляра, еўра і расійскага рубля. Аднак
курс беларускага рубля вызначаецца ў адносінах да васьмі дзясяткаў валют свету. Як змянілася наша валюта ў параўнанні з імі?

У дачыненні да суданскага фунта беларускі рубель узмацніўся адразу на 61% — дробязь, а прыемна! Варта адзначыць, што Судан акурат разваліўся на дзве паловы, між якімі працягваецца канфлікт. Іншую краіну, у якой ідзе грамадзянская вайна, Сірыю, наша валюта абышла на 28%. У дачыненні да афгані беларускі рубель узмацніўся на 16%, а да аргентынскага песа — на 10%.

Усяго ж беларускі рубель аказаўся больш трывалым за 22 валюты свету.

Самыя слабыя валюты свету за 2012 год (у адносінах да беларускага рубля)

Суданскі фунт (саслабеў на 37,77%).

Сірыйскі фунт (-21,73%)

Афгані (-13,83%)

Аргентынскае песа (-10,07%)

Шры-ланкійская рупія (-8,09%)

Іена (-7,54%)

Узбекскі сум (-7,1%)

Іранскі рыал (-6,6%)

Бразільскі рэал (-5,88%)

Пакістанская рупія (-5,00%)

* * *

Найбліжэйшым да нас сталі егіпецкі фунт, які падаражэў усяго на 0,04%, і непальская рупія, якая патаннела на 0,12%.

Цяпер пра валюты, у дачыненні да якіх беларускі рубель абваліўся.

На першым месцы блізкі многім нашым суайчыннікам польскі злоты. За год яго афіцыйны курс вырас з 2450 да 2790 рублёў — амаль на 14%.

Выгадна было захоўваць грошы ў венгерскіх форынтах, у калумбійскіх і чылійскіх песа, якія выраслі на 12%. Нарвежскія кроны, паўднёвакарэйскія воны, мексіканскія песа ў адносінах да рубля падаражэлі на 11%.

Самыя моцныя валюты свету за 2012 год (у адносінах да беларускага рубля)

Польскі злоты (узмацніўся на 13,68%)

Калумбійскі песа (12,29%)

Венгерскі форынт (11,88%)

Чылійскі песа (11,65%)

Нарвежская крона (10,99%)

Паўднёвакарэйская вона (10,65%)

Мексіканскі песа (10,52%)

Новазеландскі даляр (9,71%)

Турэцкая ліра (9,70%)

Філіпінскае песа (9,62%)

Сінгапурскі даляр (9,32%)

Шведская крона (9,19%)

Перуанскі соль (8,42%)

Чэшская крона (8,09%)

Расійскі рубель (8,05%)

* * *

Летась складваць такі рэйтынг было бессэнсоўным — дэвальвацыя на 172% адкінула беларускі рубель далёка назад.

Падобная карціна назіралася і ў 2009 годзе — тады слабейшым за нашу валюту быў толькі эфіёпскі быр.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?