Гісторыя Мікіты Курэпіна, студэнта гістфака БДУ, які жыве на 400 тысяч рублёў у месяц, мае расійскае грамадзянства і размаўляе па-беларуску, хутка стала папулярнай у Байнэце. Нехта шкадаваў Мікіту і прапаноўваў дапамогу, нехта не разумеў падобныя паводзіны, нехта проста абражаў. «НН» зноў звязалася з Мікітам, каб даведацца, як яму жывецца пасля публікацыі артыкула.

«НН»: Мікіта, ты чакаў, што твая гісторыя атрымае такі рэзананс?

Мікіта Курэпін: Калі казаць шчыра, то не. На «Нашай Ніве» больш за 100 каментароў, TUT.BY, які «пераставілі» навіну, сабраў больш за 300 каментароў. Я вельмі здзіўлены.

«НН»: Сярод іх ёсць і не зусім прыемныя…

МК: Колькі людзей — столькі поглядаў. Хай пішуць, што пажадаюць. Я да ўсяго гэтага спакойна стаўлюся.

«НН»: У сваім «Твітары» ты пісаў, што табе дарылі ежу.

МК: Так, бананы і гарбату мне аднакурснікі падарылі, на Новы год.

«НН»: А яшчэ пісаў, што выклікалі на гутарку ў дэканат?

МК: Выклікалі. Сказалі, што пра мяне чыталі, што так жыць нельга, трэба штосьці рабіць.

«НН»: А што ты адказаў?

МК: Нічога асаблівага. Я ўважліва паслухаў, сказаў, што ўсё зразумеў. І ўсё.

«НН»: Рабіць усё ж што-небудзь збіраешся?

МК: Ну, пасля сесіі стыпендыя будзе вышэйшай, ды і ўмовы для жыцця будуць вышэйшымі.

«НН»: Сесію як здаеш?

МК: Пакуль усё добра, усё здаю з першага разу.

«НН»: Набліжаецца новы год. Што б ты пажадаў чытачам «Нашай Нівы»?

МК: Ой, нават не ведаю… Адзінае, што ў галаву зараз лезе — шчасця. Каб у людзей было ўсё, што ім трэба. Проста шчасця, таму што калі чалавек шчаслівы, ён не задумваецца пра нейкія дрэннасці, якія адбываюцца, і праз гэта адразу ўсё неяк добра. Вось так.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?