Беларуская і расійская транспартная міліцыя знайшлі сляпога расіяніна, які знік у Брэсце. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі.

Нагадаем, з просьбай аб дапамозе знайсці сваяка ў Брэсцкі аддзел транспартнай міліцыі 7 лістапада звярнулася 61-гадовая грамадзянка Украіны, жыхарка вёскі Чэвель Старавыжаўскага раёна Валынскай вобласці.

У міліцыі жанчына сказала, што яе брат, Букін Анатоль Ягоравіч 1954 года нараджэння, ураджэнец горада Уялы (Таджыкістан), які пражываў раней у Самары (РФ), сышоў у невядомым накірунку з будынка чыгуначнага вакзала ў Брэсце 20 верасня
і да цяперашняга часу яго месцазнаходжанне невядома.
У гэтым годзе жанчына вырашыла адвезці брата ў Украіну, каб узяць пад сваю апеку. Вяртаючыся дадому праз тэрыторыю Беларусі, сваячцы давялося пакінуць мужчыну на чыгуначным вакзале ў Брэсце, бо з-за адсутнасці дакументаў ён не змог прайсці пагранічны кантроль.
Каб забраць інваліда, украінка вярнулася на вакзал толькі праз паўтара месяцы. Паводле яе слоў, гэта было выклікана тым, што ва Украіне ў яе на ўтрыманні знаходзіцца муж-інвалід. Не знайшоўшы брата, яна звярнулася за дапамогай у праваахоўныя органы.

На працягу двух месяцаў міліцыянты-транспартнікі вялі пошукі. Відавочцы бачылі бадзягу ў Мінску, ён прасіў міласціну ў раёне вакзала станцыі "Мінск-Пасажырскі" і блукаў па вакольных вуліцах у пошуках сродкаў для існавання.

Пасля мужчына быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. Аказалася,

пасля працяглага туляння па Мінску інвалід па зроку з дапамогай людзей дабраўся на электрычках спачатку да Оршы, а затым праз Смаленск у Маскву.

На Беларускім вакзале ў Маскве мясцовыя чыгуначнікі і паліцыянты адправілі інваліда ў Цэнтр сацыяльнай адаптацыі для бяздомных грамадзян "Філімонкі" пры псіханеўралагічным інтэрнаце, дзе мужчына знаходзіцца цяпер.

Інфармацыя пра месцазнаходжанне Анатоля Букіна перададзена яго сястры ва Украіне. З яе слоў, яна будзе шукаць сродкі і магчымасць паехаць да брата, зрабіць яму неабходныя дакументы і забраць на апякунства.
Аднак пакуль жанчына не гатовая надоўга пакінуць дома мужа-інваліда і выправіцца ў Маскву.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?