Навукова-даследчы цэнтр Мізеса і аналітычны цэнтр «Стратэгія» падвялі эканамічныя вынікі 2012 года ў Беларусі. «2012 год страчаны як для рыначных рэформ, так і для ўмацавання цяперашняй мадэлі. Ад рэцэсіі Беларусь выратавалі толькі спрыяльныя гандлёвыя адносіны з Расіяй. Лёгкія грошы праз нафтахімічныя схемы паралізавалі сілу волі і сілу характару ўлады. Яна сваімі рукамі вядзе Беларусь да працяглай рэцэсіі і эскалацыі шэрагу небяспечных тэндэнцый», — робяць выснову іх эксперты.

Навукова-даследчы цэнтр Мізеса і аналітычны цэнтр «Стратэгія» таксама прадставілі сваю версію пераможцаў у 15 намінацыях па эканамічных выніках 2012 года.

Лепшым органам дзяржкіравання прызнаны Камітэт дзяржаўнага кантролю
«за шматлікія доказы нізкай якасці дзяржаўнага кіравання; унёсак у барацьбу са злоўжываннямі і карупцыяй чыноўнікаў; фактычныя пацвярджэнні тэзіса пра неэфектыўнасць дзяржаўнай уласнасці».

Горшым органам дзяржкіравання стаў Дзяржаўны камітэт па маёмасці «за садзейнічанне нацыяналізацыі; дапамаганне ў парушэнні правоў уласнасці; саўдзел у замарозцы прыватызацыі і парушэнні дырэктывы № 4 па развіцці арэндных адносін».

Скандалам 2012 года названа нацыяналізацыя кандытарскіх фабрык «Спартак» і «Камунарка»,
падзеяй года — стварэнне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, што прадугледжана ўказам прэзідэнта № 253 ад 5 мая.

Правалам года прызнана невыкананне плана і абавязацельстваў перад Расіяй па прыватызацыі дзяржуласнасці на 2,5 млрд. долараў.

Лепшым заканадаўчым актам года названы дэкрэт № 6 ад 7 мая «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці».
Найгоршым — дэкрэт № 9 ад 7 снежня «Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці».

Галоўным бенефіцыярам года прызнаны Банк развіцця Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам былога віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса.

Ахвярай 2012 года сталі беларускія прадпрыемствы, вымушаныя браць вельмі дарагія крэдыты ў беларускіх рублях.

Тэндэнцыяй года прызнаны рост напружання і дысбалансу на рынку працы: больш як 70 тысяч вакансій і «ўцёкі за мяжу» кваліфікаваных белых і сініх каўнерыкаў.

Загадкай 2012 года стала: «Чаму Аляксандр Лукашэнка прызначыў двух пенсіянераў — свайго памочніка па эканоміцы Пятра Пракаповіча і прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча — адказнымі за правядзенне мадэрнізацыі?»

Бізнес-перспектывай года названы вертыкальна інтэграваны дрэваапрацоўчы комплекс кампаніі «Мебелайн» і «ВМГ Індустры».

Спажывецкім казусам 2012 года прызнаны тэмпы росту закупак свініны з Расіі — 18 090% (са 174 тыс. да 31,4 млн. долараў).

Вытворчым казусам прызнаны продаж легкавых аўтамабіляў у 2012 годзе толькі ў Расію на 559 млн. долараў (за студзень-верасень).

Цытатай 2012 года стала выказванне пасла Францыі Мішэля Рэнеры ў лютым: «Нашы інвестары змаглі канстатаваць, што беларускія чыноўнікі адмаўлялі яўнае, і пасля ўсяго гэтага страцілі давер да вашага рынку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?