31.12.2012 / 12:05

Пракопаў супраць Крыштаповіча і Трашчанка 14

Піша Пётра Садоўскі.

Таварышы і спадары, грамадзяне РБ, пакуль вы ўчора 30 снежня бегалі па крамах, купляючы запчасткі для салаты-аліўе і яблыкі для начынкі індычкі, прыблізна, а 21.15 паводле беларускага часу на БТ ў праграме «Вынікі» мадэратарам Пракопавым было аб’яўлена пра змену дзяржаўнага курсу ў гістарычнай навуцы, — ад заходнерусізму да нацыянал-дэмакратызму. Пішу пра гэта з радасцю. Як тое было?

Шчасліва «не звязаліся» два сюжэты.

Адзін быў прысвечаны найбольш цікавым падзям года, дзе паказалі інтэрв’ю з дырэктарам Магілёўскага музея. Дарэчы, і дырэктар, і сам Пракопаў (брава!) вялі гутарку на выдатнай беларускай мове. Гаварылася пра выкуп музеем арыгінала Статута Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (рэдакцыя 1588 года) на ахвяраванні асобных грамадзян. Дырэктар сказаў, што, на яго погляд, ахвяравальнікі і ёсць тыя людзі года, якіх мы шукаем. Потым быў паказаны Статут. Купілі яго ў расійскага антыквара. Пры гэтым дырэктар звярнуў увагу на надпіс, зроблены ад рукі на шмуцтытуле — «беларускі». Было сказана, што надпіс датуецца 1840 годам. Гэта якраз год, да якога Статут дзейнічаў на нашай тэрыторыі ўжо і пасля 3-га падзелу «Рэчы Паспалітай абодвух народаў». Пасля кароткай характарыстыкі зместу гэтага гістарычнага дакумента было такое падсумаванне: Статут, пісаны на старабеларускай мове, з’яўляецца фактычна першым падобным поўным зводам дзяржаўнага ўладкавання сярэдневечнай Еўропы, які сёння вывучаецца і ў заходніх універсітэтах. У навучальных праграмах гэта займае ў гісторыкаў і юрыстаў цэлы семестр.

Другі сюжэт — гэта традыцыя ў «Итогах» — быў прысвечаны крытыцы Захаду, які нібыта беспардонна ўмешваецца ў нашыя справы і вучыць нас, беларусаў, жыць. І вось тут у прапагандысцкім ражы Пракопаў выдаў пасаж, забыўшыся пра «Асновы беларускай дзяржаўнай ідэалогіі», якія вывучаюцца на першым курсе ВНУ і ў скарочанай форме ў школах. Па-журналісцку ліха будуючы пераход ад аднаго сюжэта да другога, ён сказаў прыблізна наступнае: «І вось яны будуць нас вучыць сёння ў ХХІ стагодддзі, як нам праводзіць выбары, як нам будаваць дэмакратыю, калі ў нас у ХVІ стагоддзі была свая дзяржава. была свая канстытуцыя, пісаная па-беларуску…» Bravissimo, спадару Пракопаў! Бедныя Трашчанок, Крыштаповіч дый Анатоль Тарас…

Пётра Садоўскі

0
між іншым / Адказаць
31.12.2012 / 12:39
Наведамленьне з БалтунТА: "Сёньня ноччу таварыш Пракопаў адкусіў сабе язык. Ён транспартаваны ў 9 клініку. Урачы змагаюцца за ягонае жыцьцё. Прычына здзейсненага высьвятляюцца".
0
НАЦДЭМ / Адказаць
31.12.2012 / 13:18
Вылеціць ён са сваёй работы... Так што зьмена курсу на нацыянал-дэмакратычны ў адной асобна ўзятай асобе гэта ненадоўга ))
0
просты народ / Адказаць
31.12.2012 / 14:23
А што тамака ў тым Статуце дэмакратычнага? Наадварот, там замацоўваюцца правы шляхты і князёў. А просты народ як не меў ніякіх правоў, дык і зараз не мае. Як раз актуальна для нашага часу.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру