31.12.2012 / 22:23

Слава — Айчыне, сэрца — жанчыне, гонар — нікому! Навагодні зварот да беларусаў пісьменніка Уладзіміра Арлова 41

Прымайце навагоднія віншаванні: гаворыць пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Дарагія сябры й суайчыннікі!

Найперш хачу звярнуцца да тых, хто не зможа сустрэцца за навагоднім столом з роднымі і блізкімі. Хачу, каб мае словы даляцелі да Алеся Бяляцкага і Міколы Статкевіча, да Змітра Дашкевіча і Паўла Севярынца, да ўсіх, хто цяпер у зняволенні за свае перакананні. Дай Бог вам мужнасці, мудрасці і хуткага вяртання на волю. Зычу, як казалі продкі, каб дзеўка кахала, куля мінала і шабля не брала!

Мая незабыўная бабуля Аўгіння на Новы год заўсёды жадала дзецям і ўнукам, каб былі здаровыя, як ільды калядовыя. Але для кожнага з нас і для ўсёй нацыі не менш за цялеснае здароўе важна здароўе душы, тое, што Францішак Скарына называў «бронямі духоўнымі».

Зычу, каб у новым годе вы бераглі ў сваіх душах, у сем’ях, у сяброўскім коле нашу мову. Бо мова бароніць межы дзяржавы і яе незалежнасць стакроць мацней, чым памежнікі і цэлыя арміі. Давайце зробім 2013-ты годам беларускай мовы! Няхай кожны сам вырашае, што ён здольны зрабіць дзеля будучыні мовы, а значыць і дзеля заўтрашняга дня краіны. А найлепей — проста загаварыць па-беларуску. Можна пачаць у навагоднюю ноч.

Моцная нацыя немагчымая без жывой гістарычнай памяці. Зычу ўсім нам у 2013-м годна адзначыць 150-годдзе паўстання Кастуся Каліноўскага. З’яўленне ў ХХ стагоддзі незалежнай Беларусі аплачанае і крывёю тых, хто тады ўзяў у рукі зброю, кінуўшы выклік Расейскай імперыі.

Краіна пасталела яшчэ на год. Яна не зусім такая, а дакладней, зусім не такая, якой уяўлялася нам на пачатку 1990-х. Аднак яна — ёсць, і гэта напаўняе сэрца спадзяваннямі.

Сябар беларусаў Вацлаў Гавел казаў, што канфігурацыя дэмакратычнай Еўропы набудзе завершанасць толькі ў той момант, калі ў яе ўвойдзе Беларусь. Я ўпэўнены, што ў ХХІ стагоддзі словы Гаўла стануць яваю. Зычу вам, каб у новым годзе мы зрабілі крокі менавіта на гэтым шляху.

Беларусы — еўрапейцы не проста геаграграфічна, але і ментальна, культурна. У нас еўрапейская гісторыя, якая абавязкова стане мастом у еўрапейскую будучыню, калі на навагоднія святы мы без усякіх візаў і памежных чэргаў зможам паехаць у Вільню, Прагу або Стакгольм.

Нядаўна на сустрэчы з чытачамі прапраўнук паўстанца 1863 года падараваў мне фамільную рэліквію — вось гэтую шкляначку свайго продка-каліноўца.

Сёння я вып’ю з яе за тое, каб у нас заўсёды была свая краіна — Беларусь і каб мы ў ёй адчувалі сябе гаспадарамі.

Слава — Айчыне, сэрца — жанчыне, гонар — нікому!

З Новым годам!

Таксама раім:

Кантралёр, кухарка, конь — усе спяваюць па-беларуску «Звон звініць» — Jingle Bells!

Агню! Вясёлкі! Незалежнасці! — мы папрасілі мінчукоў на вуліцах павіншаваць усіх беларусаў з Новым годам

Навагоднія віншаванні з Еўропы ад былога пасла Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана

Навагодняе віншаванне беларускаму народу ад сатырыка Яўгена Ліпковіча

Відэавіншаванне ад беларусаў Канады: «Свой першы тост заўжды я п’ю За самых блізкіх — за сям’ю...» — спяваем разам

Таццяна Гаўрыльчык

0
Inhvar / Адказаць
31.12.2012 / 13:54
Сёння я вып’ю з яе за тое, каб у нас заўсёды была свая краіна —глядзiце не напейцеся.
0
rupar_epohi / Адказаць
31.12.2012 / 14:39
Эх. Я б замовіў такую нацыянальную традыцыю: замест прэзікаў па нацыянальным ТБ народ павінны віншаваць такія людзі як Арлоў напрыклад. Нах наменклатуру. Карацей, нечакана кранула) Станаўлюся сентыментальным. Дарагая рэдакцыя, можа быць апублікаваць беларускія нацыянальныя тосты? Ну вось тыпу: слава ачыне, сэрца жанчыне?)
0
Inhvar / Адказаць
31.12.2012 / 14:56
Не тлумiце сабе галаву,якiя вам шчэ тосты?.. Жыве Беларусь!
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру