Слухайце, дзеці, казку. Не, гэта не казка. Гэта было, калі я была маладой і прыгожай. Гм. Гм.

У той апошні час панавання дыктатара ў той краіне, дзе я жыла, там усяго было па два, тады быў такі прынцып — усяго па два.
Усе палітыкі, мастакі, пісьменнікі, духоўнікі, журналісты, згуртаванні, аб'яднанні, партыі — усё было па два. Усе падзяліліся, і дзяліліся далей: на два, на тры, чатыры, пяць, да амёб, інфузорыі туфелькі, да бясконцасці. Яны ўсе дзяліліся, дзяліліся і дзяліліся. Можа, на людзей тады ўплывалі малыя дозы радыяцыі? Там раней узарвалася атамная станцыя? Не ведаю. Былі белыя і чорныя. Іншых колераў не было. Прычым белыя з чорнымі не змешваліся, а калі хто спрабаваў і рабіўся шэрым, то яго аб'яўлялі вычварэнцам, ці сволаччу, і ўжо не прымалі тады яго ні белыя, ні чорныя.
А навін тады не было, ніякіх, у тыя апошнія гады, у той апошні год панавання дыктатара. Ніякіх. Навін.
Ашалелыя ад адсутнасці цікавай інфармацыі журналісты (яны таксама былі падзеленыя — на чорных і белых, як і ўсе) былі вымушаны тэлефанаваць адзін аднаму (чорныя — белым, белыя — чорным) і сварыцца. Гэта запісвалася на дыктафон і выкладалася замест навіны на стужкі, дзе павінны быць навіны. І ўсе чыталі, абмяркоўвалі, рабілі на аснове гэтых сварак сацыялагічныя, псіхалагічныя, палітычныя, культуралагічныя, фізіялагічныя і нават заалагічныя даследаванні. І так — тыдзень, два тыдні. Усе чыталі гэта, бо больш не было чаго. Чаму заалагічныя даследаванні? Ну, у той час людзі ад адсутнасці інфармацыі і глузду пры сварках называлі адзін аднаго «казламі», «асламі» і «сукамі» (гэта, дзеці, сабачыя жонкі).
Іншых навін не было. Не. Не. Не. Толькі пра сваркі ды пра раздзяленне: белых — на бялейшых, самых белых, самых-самых белых, цнатліва-белых, самых лепшых сярод белых.
Чорных — на самых чорных, варона-чорных, самых лепшых сярод чорных. Усе хацелі быць лепшымі. Гэта дасягалася тады дзіўнымі для нас, сучаснікаў, метадамі — аблівалі брудам усіх астатніх. Тады людзям здавалася, што калі запэцкаць іншых, то сам будзеш чысцейшым і прыгажэйшым, уяўляеце, дзеці?

Яшчэ былі дазволены і мелі «шырокі грамадскі рэзананс» «навіны» на тэму «Страўнік, хата, аўто». Гэта былі самыя папулярныя навіны:

дзе танней купіць, як каго абхітрыць, як упрыгожыць хату, як наесцца і напіцца на Новы год, але каб раніцай не балела галава. Пра любоў і шчасце тады не пісалі. Бо любоў і шчасце нельга есці, не паклеіш замест шпалераў, не паставіш у гараж.

Ну, і дыктатар, і яго васалы стваралі «навіны», вобразна кажучы. Урэшце, гэта былі абсалютна не навіны, але так як у той краіне ўсё было фальшывым, усё, абсалютна, то і навіны былі не навінамі, а сурагатам, эрзацам, падробкай.

Усім вядомыя рэчы дыктатар і васалы выдавалі за навіны, за свае новенькія, толькі што прыдуманыя, геніяльныя, крэатыўныя думкі. Напрыклад: «эканоміка павінна быць эфектыўнай». Ці «заробак павінен залежыць ад вытворчасці працы». Ці «літаратура павінна быць літаратурай». «Ці «дзеці павінны быць атулены ўвагай». Ці «жанчыны павінны нараджаць». Ну, і мне смешна, але гэта праўда — такі тады быў час. І ўсе былі нешта павінны. І дыктатарскім васалам увесь час здавалася, што мала павінны, таму прыдумвалі штогод новыя і новыя «павінны».
Дыктатара ўсе абмяркоўвалі. Увогуле, без яго людзі не маглі жыць. Тут, там, усюды, у крамах, лякарнях, універсітэтах, школах, чэргах, на будоўлі, на лесвічнай пляцоўцы — усе ўспаміналі і упаміналі яго прозвішча.
Ат, я забылася, не памятаю. Гэта быў такі рытуал, абавязковы. Лічылася, што калі ты за дзень хоць раз не скажаш уголас яго прозвішча — «па піццсот» не будзе да Новага году. І ўсе балбаталі, балбаталі, балбаталі, абавязкова ўпамінаючы яго прозвішча. Прыйдзеш у госці — і там гавораць пра яго. П'яныя, цвярозыя, багатыя, бедныя, здаровыя і хворыя — абавязкова, як зараз «Ойча наш». Навошта? Ну такі быў парадак. Ён сілкаваўся ад тых слоў. Тады ўсё было наадварот. Яны казалі, што яны хацелі, каб яго не было, а самі кармілі яго штодзень — справамі і словамі.

Такі быў час. Ды часу тады не было — у прамым сэнсе, бо нічога ніколі не змянялася, акрамя дня і ночы, лета і зімы.

Усе боўталіся ў нейкай дрыгве, спрабавалі адтуль ратавацца, ды не ведалі як, акрамя як тапіць астатніх, хто неяк вытыркаў з балота галаву. Такі быў час. Як вата, як кісель.
І герояў тады не было. Не, натуральна, яны былі. Але людзі не хацелі бачыць герояў, бо тады ім было б сорамна за сябе.
Таму герояў таксама тапілі. Калі недзе з'яўляўся герой, то абавязкова ў яго біяграфіі знаходзілі нейкую пляму, ну, там шкло ў школе разбіў, ці яшчэ што, і пачыналі плявузгаць, маўляў, не, гэта не герой. Ці героямі прызначалі тых, хто адцягаў сталую кабету за валасы, ці нёсся п'яны з вялікай хуткасцю па дарозе. Такі быў час, такія героі.
Людзі тады не любілі адзін аднаго, бо і самі сябе не любілі — не лічылі вартым любіць такіх, якія ёсць.
Нікога не любілі. Ну, жаніцца — жаніліся. Дзеці нараджаліся. Кватэры ім давалі тады, льготныя крэдыты, пад дзяцей, трох і болей. Яны тады казалі так, марылі: «Ну, вось трэцяга народзім, і кватэру атрымаем». Гэта тады такія мары былі. Ну смешна, га?

Нацыянальная ідэя? Была тады такая ідэя, шмат гадоў, шэсць, здаецца, аж да апошняга дня дыктатарскага панавання: «Усім па піццсот».

Тая агульная мара ніяк не збывалася. Таму што людзі не могуць мець такіх мар, натуральна!
Каней тады любілі. Больш, чым людзей. Катоў любілі. Вельмі. Нашмат больш, чым людзей.
Адзін раз адзін карэспандэнт напісаў у газеце, што трэба грошы, каб выратаваць каня. Дык людзі ўсе пачалі яму званіць дзень і ноч — грошы хацелі перадаць... каню. Дзецям — хворым ці бедным, не хацелі дапамагаць. Казалі, што хворыя ці бедныя дзеці — гэта падман, такога не бывае. А коні і каты — бывае. Каням і катам усе верылі. Такі быў час.

Але ён скончыўся. Пасля таго прыйшоў іншы час. Пра іншы час вы раскажыце самі, дзеці.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?