Не, гаворка пойдзе не пра мітрапаліта Філарэта, як можа хто падумаў. Сёньня дзень шанаваньня памяці сьвяціцеля Філіпа, мітрапаліта Маскоўскага. Гэтага сьвятога, які узначальваў праваслаўную царкву ў Маскоўскім царстве часоў Івана Жахлівага, называюць “новым спаведнікам”. І дакладна так, навамучанікамі і наваспаведнікамі, называюць тых, хто вытрымаў пакуты за Хрыста ў час савецкіх ганененьняў. Такім чынам, царкоўнае паданьне ў адпаведным сэнсе прыраўноўвае сьвятых таго і гэтага часоў. Ну а паколькі савецкі час для нас яшчэ ня скончыўся, мы можам з жыцьця гэтых сьвятых, з таго, як яны паводзілі сябе ў час жорсткай дыктатуры, узяць для сябе плённы урок. А ў прыватнасьці, з прыкладу сьвяціцеля Філіпа урок таго, што часта бывае прадметам спрэчак – як весьці сябе перад тварам дыктатуры тым, хто узначальвае царкву, нясе за яе адказнасьць.

Часта менавіта гэтай адказнасьцю апраўдваюць, бывае, усякія кампрамісы і маўчаньне царквы перад уладай. Аднак Бог нам нездарма дае сьвятых, менавіта іх прыклад, а не “рацыянальныя” аргумэнты ёсьць для нас канчатковым сьведчаньнем праўды.

І што мы бачым з жыцьця свяціцеля Філіпа? Хаця мітрапаліт узначаліў царкву пры ўмове таго, што ня будзе тычыцца спраў апрычніны і “царскага абіходу”, ён, як кажа вядомы расейскі філёзаф і гісторык Георгій Фядотаў, “ у гады крывавай рэвалюцыі, утворанай зьверху, падняўся супраць тырана і заплаціў жыцьцём за безбаязнае спавяданьне праўды”.

Да нейкага часу цар не рашаўся чапаць сьмелага мітрапаліта, бо ён меў вялікі аўтарытэт ня толькі як мітрапаліт, але і як дзейсны манах. Але вось ў 1568 годзе ў Крыжапаклонную нядзелю Вялікага посту, калі ў сабор прыйшоў цар са сьвітай, Філіп адмовіўся яго благаславіць і пачаў публічна ганьбаваць тырана за яго беззаконьня. У адказ цар Іван стаў выкрыкваць пагрозы, якія потым і пачаў выконваць.

Ужо на наступны дзень пачалі хапаць людзей з акружэньня мітрапаліта, іх пыталі, спрабуючы такім чынам знайсьці нешта супраць мітрапаліта. Потым быў саборны суд, на якім мітрапаліту былі прад’яўлены недарэчныя ілжывыя абвінавачваньні. Напрыклад, у чарадзействе. Цар патрабаваў для мітрапаліта пакараньня сьмерцю праз спаленьне. Але ж духавенства вымаліла яму жыцьцё. Ён быў пазбаўлены сану і прагавораны да пажыцьцёвага зьняволеньня ў манастыры.

Быў нават устроены публічны зьдзек. Ужо пасьля прыгавору мітрапаліта вымусілі ў саборы служыць літургію, і ў сярэдзіне службы ў храм уварваліся апрычнікі. Галоўны з іх прачытаў указ аб пазбаўленьні сану, а потым з мітрапаліта сарвалі аблачэньне і вытаўклі з храму, зьбіваючы яго і лаючы. Сам мітрапаліт трымаўся спакойна і благаслаўляў народ, які са сьлязамі яго праводзіў.

Доўгі час былога мітрапаліта трымалі ў склепах маскоўскіх манастыроў. Трымалі яго ў кайданах, апранулі на шыю важкі ланцуг, а на ногі – калодкі. Потым Філіпа пераправілі за зьдзекамі ў Твер, у Отрач манастыр. Па словах «Жыцьця», «святой на путі многу пакость и уніженіе пріят».

У 1569 годзе цар з войскам праходзіў каля Тверы. Ён успомніў пра мітрапаліта і паслаў да яго быцам ба за благаславеньнем свайго самага лютага апрычніка Малюту Скуратава. Калі Філіп яго пабачыў, то адразу зразумеў, за чым той прыйшоў. Ён ня страціў звычайнага спакойнасьці і толькі сказаў: “ Рабі, як жадаеш, мілы, за чым прыйшоў”. І пачаў маліцца. Малюта схапіў падушку і задушыў сьвятога. Потым кат выйшаў і абвясьціў, што мітрапаліт памёр ад угару.

Вось так скончыў сваё сьвятое жыцьцё мітрапаліт Філіп, пакінуўшы нам прыклад таго, як Царква, пры тым, што яна скараецца ўладзе, павінна не мірыцца з яе нечалавечнасьцю і несправядлівасьцю. Амаль да сьмерці. Бо, як кажа Госпад наш Іісус Хрыстос, "большай любові ні ў кога няма, як тая, калi хто душу сваю паложыць за сяброў сваiх. Вы сябры Мае, калi робіце тое, што Я запаведую вам" (Іаан.15:13,14)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?