У Беларусі 1 студзеня стартавала нацыянальная кампанія па зімовым уліку птушак. Яе арганізатарамі выступаюць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах.

Як паведаміў дырэктар АПБ Віктар Фянчук, мэта традыцыйнай акцыі — прыцягнуць увагу беларусаў да назірання за птушкамі і іх праблем.

У мерапрыемстве могуць узяць удзел усе ахвотныя. Для гэтага неабходна ў любы дзень студзеня выйсці на вуліцу населенага пункта або выехаць на прыроду і палічыць усіх сустрэтых птушак.
Можна зрабіць кармушку для птушак, што аблегчыць назіранне за імі.
Фянчук падкрэсліў, што асабліва важна ўлічыць вадаплаўных птушак.
Іх зімовыя ўлікі ў Беларусі — часка агульнаеўрапейскай кампаніі па вызначэнні колькасці вадаплаўных птушак і ацэнцы паспяховасці іх размнажэння ў рэгіёне. Паводле слоў дырэктара АПБ, вадаплаўных птушак лепш за ўсё ўлічваць у марознае надвор’е, калі на зямлі максімальна захоўваецца зімовае покрыва. У гэты час птушкі канцэнтруюцца на тых нямногіх участках вадаёмаў, якія не замярзаюць, і іх лёгка палічыць. Чакаецца, што такія ўмовы надвор’я будуць у Беларусі ў пачатку студзеня.
Інфармацыю аб відах птушак, іх колькасці і месцазнаходжанні да лютага прапаноўваецца выкласці на сайце АПБ www.ptushki.org.

У ходзе зімовых улікаў птушак 19–20 студзеня пройдзе традыцыйная акцыя «Птушкі на кармушцы». Гэтымі днямі школы, арганізацыі і неабыякавыя людзі самі будуць праводзіць падкормку птушак.

Як адзначыў Фянчук,

зімовыя дні назірання за птушкамі арганізуюцца ў Беларусі ўжо больш чым 10 гадоў.
У ходзе іх выяўляюць цікавыя факты зімоўкі рэдкіх відаў птушак, іх тэрытарыяльнага размеркавання, а таксама месцы максімальнай канцэнтрацыі птушак.

Паводле слоў дырэктара АПБ,

у студзені 2012 года ў зімовых назіраннях за птушкамі ўзялі ўдзел больш чым 2 тыс. жыхароў Беларусі, якія выявілі больш чым 60 відаў птушак.
Найбольш часта адзначаліся вераб’і, галкі, гракі, вялікія сініцы і крыжанкі. Сярод рэдкіх на зімоўцы ў Беларусі відаў былі адзначаны жураўлі і буслы, у Мінску таксама быў выяўлены арлан-белахвост.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?