«Наша Ніва» датэлефанавалася да легендарнай у інтэнэце бабулі-гітарысткі з Гомеля, чый ролік на ЮТубе сабраў чатыры мільёны праглядаў. Лідзія Драбышэўская не любіць журналістаў — кажа, пасля матэрыялаў у газетах яе пачынаюць абражаць.

«Толькі брудам паліваюць увесь час, — скардзілася на жыццё спадарыня Драбышэўская. — Столькі бруду на мяне вылілася, што проста страшна. А грошай болей не стала — як і раней, толькі тое, што ў скрыначку кінулі».

З яшчэ большай непрыемнасцю Лідзія згадвае расійскае шоу «Хвіліна славы», куды яе адправілі прыхільнікі.

«Я сама туды не хацела, мне нават сорамна дагэтуль, — расказвае пенсіянерка. — Я граю песню „Я люблю тебя, жызнь“, а там сядзіць іхняя Манька (Марыя Шукшына, сябра журы) і кажа: „А што гэта, калыханка нейкая?“ А яе Маслякоў тады па руках пляснуў — маўляў, маўчы. А перамаглі нейкія інваліды, я не разумею — гэта інвалідны конкурс? Я шмат з кім размаўляла, мне ўсе і кажуць, што гэта падстаўное».

Планы інтэрнэт-супольнасці дапамагчы Драбышэўскай таксама не скончыліся нічым — збор грошаў так і не пачаўся. «

Пра мяне пісалі, маўляў, мне перавялі грошы для аперацыі на сэрцы, гэхта ўсё лухта, нічога такога не было
, — кажа пенсіянерка. Яна імкнецца пазбегнуць далейшай папулярнасці ў сеціве: «Для мяне галоўнае, каб іграць давалі, каб не чапалі. А пасля ўсіх гэтых артыкулаў на вуліцу сорамна было выйсці».

Яна і надалей збіраецца граць на вуліцы. «Вось як сакавік будзе, плюс дзесяць, дык я адразу і пайду, — кажа яна. — Я цяпер франтавыя песні вучу. Мне падарылі дыск, я вывучыла песні, трошкі перарабіла пад сябе — я вершы вольна складаю, вось і буду спяваць на вуліцы».

Калі гаворка заходзіць пра музыку, голас спадарыні Лідзіі мяняецца, знікаюць нярвовыя ноткі, яна пачынае расказваць ахвотна.

«Я ў дзяцінстве ў вёсцы жыла. Не любіла кампаній, свіней пасвіла. Яшчэ да вайны пачала іграць — спачатку на травінцы (з яе духавы проста робіцца), пасля на грабеньчыку з папіроснай паперай. Аднойчы бацька зрабіў балалайку для старэйшай сястры, а мне не дазваляў да яе дакранацца. Я глядзела, як яна вучыцца, і ўсё запамінала. Аднойчы сям’я паехала ў поле, я засталася адна, узяла балалайку (мне забаранялі, усё добрае заўжды забараняецца) і пачала ўсе песні граць, якія дзеўкі на вуліцы спявалі. Я нот не ведаю, я пад словы падбіраю. Бацька спачатку вельмі раззлаваўся на мяне, але сястра сказала: хай грае, я не буду.

Я на домры, на скрыпцы, на мандаліне, акардэоне, гармоніку, губным гармоніку — на ўсім іграла».

Свой гітарны стыль пенсіянерка лічыць сакрэтным і ніколі пра яго не раскажа.

«Тут да мяне з Мінска гітарны віртуоз прыехаў, хацеў дыск запісаць. А я яму кажу, калі ты віртуоз — сыграй „Кацюшу“. А ён не можа, вось і ўвесь віртуоз.

Ніхто ў свеце так не іграе, як я, а гэта вельмі зручна — і пальцам не шкодзіць, і болей меладычна атрымліваецца.
Ці вось школьнікі падыходзяць з гітарамі, але яны так не ўмеюць. Гэта мой сакрэт, як я іграю, я нікому не скажу».

Пачуць Лідзію Драбышэўскую можна будзе з вясны ў Гомелі, яна зазвычай іграе і спявае на вуліцы Карповіча.

Там можна і аддаць ёй лепту.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?