У Мірскім замку ўпершыню правядуць стылізаваныя калядныя балі. На касцюміраваных балях у інтэр’ерах XVII стагоддзя можна будзе пабываць 4,5 і 6 студзеня.

Так, 4 студзеня ў Партрэтнай зале адбудзецца сапраўдны венскі баль са 120-гадовымі традыцыямі. Тут будзе гучаць жывая інструментальная музыка, неапалітанскія напевы, выступяць оперныя спевакі, гасцей чакаюць свецкія гульні, танцавальная праграма з вальсам, паланэзам і інш.

А 5 студзеня ў Слановай зале адкрыецца свецкі рэтрасалон — такі ж, які праводзіўся ў 20-30-я гады ХХ стагоддзя князямі Святаполк-Мірскімі. У салоне будуць прадстаўлены ўсе атрыбуты таго часу — нямое кіно, свінг, джаз і інш.

Баль для маленькіх дам і кавалераў у замку адбудзецца 6 студзеня. Спецыяльна для дзяцей ад 6 да 14 гадоў у інтэр’ерах Слановай хаты будуць арганізаваны нечаканыя калядныя прыгоды з віншаваннямі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі.

Як падкрэслілі ў дырэкцыі музея, традыцыя правядзення баляў у Міры не выпадковая. У замку, які быў уласнасцю княжацкіх родаў Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх, даваліся шыкоўныя прыёмы, балі былі неад’емнай часткай свецкага жыцця князёў.

Да ўдзельнікаў «сучасных» баляў прад’яўляюцца мінімальныя патрабаванні — абутак на змену без абцасаў, вячэрнія сукенкі для жанчын, касцюмы для мужчын,
паведамілі ў музеі.

Замкавы комплекс у г.п. Мір займае 26 га, музей адкрыты пасля рэканструкцыі ў снежні 2010 года. У яго структуру акрамя Мірскага замка і пахавальні ўваходзяць італьянскі рэнесансны сад, англійскі парк і сажалка. Гэта ўнікальны помнік архітэктуры, у канструкцыі і дэкаратыўным убранні якога прасочваюцца элементы еўрапейскіх стыляў: готыкі, рэнесансу і барока.

Мірскі замак уключаны ў 2000 годзе ў Спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Са студзеня па жнівень бягучага года музей наведалі 190 тыс. чалавек — на 55 тыс. больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.-
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?