Не, усё ж не дарэмна народ прыдумаў прымаўку: «Скажы дурню Богу маліцца — лоб разаб’е». Такіх у нас хапае паўсюль.
І не мае значэння, які дыплом у кішэні — аб заканчэнні сталічнага ўніверсітэта ці нейкага перыферыйнага каледжа. Галоўнае — упасці на калені і «маліцца» з такім гарачлівым балванізмам, каб кроў пырскала направа і налева.

…Напярэдадні Новага года давялося спыніцца ля газетнага шапіка, што ў канцы сталічнай вуліцы Адзінцова. Вядома ж, пацікавіўся:

— Ці ёсць свежы нумар «Народнай Волі»?

— Ёсць, — пачуў у адказ з-за шклянога акенца зычны голас гаспадынькі шапіка.

— А дзе ж яна? Нешта не бачна…

— Вунь там, — жанчына махнула рукой у куток шапіка. — Зайдзіце за вугал — убачыце.

Я паслухмяна абышоў кіёск, уважліва прыгледзеўся і — о, дзіва! — у куточку пад стосам папер прыкмеціў некалькі экземпляраў «Народнай Волі».

— А вы палажыце яе так, каб яе бачылі ўсе пакупнікі — ветліва параіў я гандлярцы.

— Яна ляжыць там, дзе ёй і належыць ляжаць, — быццам па завучанай шпаргалцы выпаліла маладзіца ў акулярах.

Не думала яна, што ёй на гэты раз давядзецца трымаць адказ па поўнай праграме. Ля акенца, акрамя мяне, нікога не было, і я вырашыў да канца «біцца» за «Народную Волю».

— Скажыце, калі ласка, а чаму яе месца там, дзе яе зусім не бачна?

— Так вырашыў начальнік…

— Які? — не адступаў я.

— Самы галоўны… у краіне.

Не паспеў я скумекаць, каго мая субяседніца мае на ўвазе — дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белсаюздрук» Ігара Дудзіча ці прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнку,

як яна дастала з-пад прылаўка, прама скажам, унікальны дакумент — «Планаграму раскладкі газет».
А слова ж якое — «планаграма», не кожны і чуў такое! А які глыбокі змест яно ўтрымлівае! Кожная газета, якая паступае ў шапік для рэалізацыі, павінна ляжаць на «сваім» месцы менавіта ў такім парадку, як гэта намалявана на схеме. На самым бачным месцы — дзяржаўныя, побач — «крымінальшчына», усялякая «жаўцізна», іншая камерцыйная лухта, і на самым водшыбе, каб вочы пакупнікоў не бачылі, — незалежныя газеты. А паколькі «Народная Воля» найбольш муліць вока ўладам, то яе — у самы цёмны куточак. нават тады, калі, бывае, іншыя месцы свабодныя.
— Памяняю раскладку — пазбаўлюся прэміі, — прызналася тая ж гаспадыня шапіка.

А каму хочацца губляць сотню-другую тысяч рублёў?! Тым больш што за колькасць рэалізаваных «Народных Воляў» ніхто не спытае, другая справа — продаж дзяржаўных газет. Чым больш здасі іх у макулатуру — тым меншай будзе прэмія, а можа, і зусім не атрымаеш.

Што ні кажыце, а ў самай свабоднай, самай вольнай краіне мы жывём! Мільёны людзей свабодны ад усяго — нават ад таго, каб самім думаць, як лепш выкласці газеты на прылаўку шапіка.
Знайшлася ж недзе там, наверсе, «разумная» галава, прыдумала тую ж «планаграму», якая ў адзін момант зрабіла ўсіх кіяскёраў свабоднымі ад любой ініцыятывы. Ну чым не прыгонніцтва! Ёсць рабы, і ёсць рабаўладальнікі. Апошнім дазволена ўсё, першым — нічога, акрамя бяздумнай працы.
А што наконт прымаўкі, то яна тычыцца якраз тых, хто, разбіваючы лоб, абклаў кіяскёраў, як ваўкоў, чырвонымі сцяжкамі з рознымі абсурднымі інструкцыямі.
Тое выданне не высоўвай, гэтае наогул запхні ў кут, на пытанні пакупнікоў адказвай так… Як быццам гэта не звычайны газетны шапік, які даўным-даўно павінен быць у прыватных руках, а Дом палітасветы савецкага ўзору.

У апошні час вешчуны дзяржаўнай прапаганды талдычаць пра магчымую прыватызацыю такіх гігантаў айчыннай прамысловасці, як «МАЗ», «БЕЛАЗ», «МТЗ», «Беларуськалій»… Стоп, спадары распараджальнікі агульнанароднай маёмасцю! Вы спачатку правядзіце прыватызацыю такіх дробных гандлёвых кропак, як газетныя шапікі, а не хапайцеся адразу за лёсавызначальныя для краіны прадпрыемствы. Смеху варта: нейкі задрыпаны кіёск знаходзіцца ў лапах чыноўнікаў, а яны хочуць «пусціць з малатка» велізарны трактарны завод.

Дзіва дзіўнае: на кон пастаўлены лёс усёй Беларусі, а тая ж бедная кіяскёрша не можа самастойна выкласці «Народную Волю»! Колькі над ёю усялякіх наглядчыкаў!
За кожным яе крокам, за кожным паваротам яе тулава сочаць бонзы не толькі з міністэрства інфармацыі, «Белсаюздруку», але і з самога «Чырвонага дома». Вы можаце ўявіць, каб Белы дом, што ў Вашынгтоне, займаўся раскладкай газет у шапіках?!

Не, нешта незразумелае творыцца ў нашым царстве-гаспадарстве!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?