Добрушская папяровая фабрыка неэфектыўна выкарыстала 6,6 млрд. рублёў на вытворчасць офіснай паперы, якая не карыстаецца попытам, высветлілі кантралёры

Гомель, 5 студзеня. Маркетынгавую палітыку філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» ААТ «Кіраўніцкая кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры» Камітэт дзяржкантролю назваў «пасіўнай і непрадуманай». Яна прывяла да неэфектыўнага выкарыстання 6,6 млрд. рублёў, патрачаных на ўкараненне аўтаматычнай лініі па вытворчасці офіснай паперы, і адцягванню 1 млрд. рублёў абаротных сродкаў.

Як паведамілі БелаПАН у КДК Гомельскай вобласці, праверкай устаноўлены факты безгаспадарчасці, неэфектыўнага выкарыстання сродкаў, парушэнняў закона ў дзейнасці філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы».

Як паказала праверка, інвестыцыйны праект па асваенні вытворчасці двухслойнай шпалернай паперы, тэрмін рэалізацыі якога закончыўся ў красавіку 2012 года, дагэтуль не рэалізаваны.

У межах выканання інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці высакаякаснай паперы офіснай у пачках у красавіку 2011 года фабрыкай уведзена ў эксплуатацыю нямецкая аўтаматычная лінія для вытворчасці і ўпакоўкі офіснай паперы Bielomatik коштам 596 тыс. еўра. Меркавалася арганізаваць вытворчасць таннай офіснай паперы высокай якасці, аднак дасягнуць запланаванага кіраўніцтву фабрыкі з 2011 года так і не ўдалося.

Дагэтуль запланаваныя бізнес-планам аб`ёмы вытворчасці паперы не дасягнутыя. З красавіка 2011 года па кастрычнік 2012 года на лініі выраблялі ў сярэднім 11,3 тыс. пачкаў паперы ў месяц, што склала толькі 2,8% ад аб`ёму, прадугледжанага бізнес-планам (400 тыс. пачкаў у месяц).
Дарагая імпартная лінія сёлета працавала ў сярэднім па чатыры змены ў месяц.

Пры гэтым фабрыкай дапушчана затаваранасць складу гатовай прадукцыі. На канец кастрычніка 2012 года запасы офіснай паперы перавысілі 1 млрд. рублёў і склалі амаль чатырохмесячны аб`ём яе вытворчасці.

Больш як палова складскіх запасаў склала папера класа D з афсетнай паперы ўласнай вытворчасці з лагатыпам «Капейка».

Нізкія аб`ёмы рэалізацыі паперы офіснай тлумачацца службовымі асобамі адсутнасцю пакупніцкага попыту ў сувязі з больш высокімі цэнамі ў параўнанні з сярэднярыначнымі, а таксама нізкімі спажывецкімі ўласціваснямі паперы.
Пры гэтым фабрыкай не прынятыя вычарпальныя меры для росту продажу офіснай паперы.
З пачатку 2011 года і па кастрычнік 2012 года фабрыка не перамагла ні ў адной з 39 працэдур на закупку паперы офіснай, у якіх брала ўдзел.
Прадпрыемства мела патэнцыяльную магчымасць рэалізацыі паперы гандлёвым арганізацыям — рознічныя цэны на офісную паперу ў гандлёвых арганізацыях Гомельскай вобласці перавышаюць адпускныя цэны філіяла на аналагічную прадукцыю на 37–45%.

Па выніках праверкі КДК разглядаецца пытанне аб прымяненні мер адказансці да філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» і службовых асоб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?