Нагадаем, як паведаміў чытач charter97.org, з сярэдзіны снежня 2012 года сярод спецыялістаў беларускай энергасістэмы распаўсюджваецца інфармацыя пра выбух на Мінскай ЦЭЦ-5. Гаворка ідзе пра новы праект РУП «Мінскэнерга» сумесна з Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй, у межах якога кітайцы атрымалі кантракт на выкананне на МЦЭЦ-5 комплекснага будаўніцтва з праектаваннем і камплектацыяй парагазавага энергаблока магутнасцю 399,6 МВт. У склад энергаблока ўваходзяць газавая турбіна M701F магутнасцю 270 МВт, кацёл-утылізатар і паравая турбіна магутнасцю 129,6 МВт. Кошт будаўніцтва пракрэдытаваў кітайскі бок, сума склала 260,19 млн. еўра. Энергаблок уключаны на паралельную працу з энергасістэмай у снежні 2011 года.

Паводле інфармацыі крыніцы сайта «Хартыя’97», «ёсць версія, што адбыўся адрыў лапаткі турбіны і яе пападанне ў камеру згарання. Аператыўны персанал МЦЭЦ-5 пазбягае гутарак на гэтую тэму, але асобныя спецыялісты дзеляцца адзін з адным скупой інфармацыяй». Наколькі сур’ёзная аварыя, чытач не ўдакладняе, аднак гаворыць, што сам выбух быў чутны нават у наваколлях ЦЭЦ.

3 студзеня дырэктар МЦЭЦ-5 Уладзімір Кішко не пацвердзіў і не абвергнуў інфармацыю пра аварыю на прадпрыемстве. «Хто там і што распаўсюджвае, мы пакінем гэта без каментараў», — сказаў ён БелаПАН.

У паведамленні «Белэнэрга», якое з’явілася на сайце кампаніі, гаворыцца, што 2 лістапада 2012 года падчас правядзення спецыялістамі Кітайскай нацыянальнай карпарацыі рэгламентных работ па прамыванні сістэмы рэзервовага дызельнага паліва, што ажыццяўляюцца падчас планавага спынення па дазволенай дыспетчарскай заяўцы, адбылося няштатнае паступленне дызельнага паліва ў камеру згарання газавай турбіны і яно там загарэлася.

Для выяўлення прычын і тэхнічнага стану турбіны па выніках гэтага інцыдэнту была праведзена яе разборка, адкрыццё корпуса турбіны і афіцыйна дыягнаставаныя пашкоджанні элементаў праточнай часткі.

Цяпер у адпаведнасці з гарантыйнымі кантрактнымі абавязацельствамі Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй ажыццяўляецца працэдура вызначэння неабходных аб’ёмаў правядзення ў аптымальна кароткія тэрміны рамонту праточнай часткі газавай турбіны парагазавага блока ПГУ-400 Мінскай ЦЭЦ-5.

У паведамленні таксама адзначаецца, што парагазавы энергаблок магутнасцю 399,6 МВт (ПГУ-400), найболей буйны і эфектыўны з тых, што эксплуатуюцца цяпер на электрастанцыях Беларускай энергасістэмы. Каэфіцыент яго карыснага дзеяння складае прыкладна 57% супраць 38–40% на эксплуатаваных турбаўстаноўках. Адным з найважнейшых элементаў ПГУ-400 з’яўляецца сучасная газавая турбіна магутнасцю 270 МВт, вырабленая ў КНР па ліцэнзіі японскай кампаніі «Міцубісі».

ПГУ — гэта складанатэхнічная парагазавая ўстаноўка па вытворчасці электрычнай энергіі, якая ўяўляе сабой комплекс абсталявання і сістэм, якая пасля яе пуску для выхаду на праектныя параметры і забеспячэння далейшай эфектыўнай эксплуатацыі патрабуе правядзення пуска-наладачных і даводачных работ. З улікам таго, што збудаванне гэтага аб’екта кітайскі бок ажыццяўляе па прынцыпе «пад ключ» і да гэтага часу ён цалкам не здадзены замоўцу — РУП «Мінскэнерга», усе астатнія пуска-наладачныя работы выконваліся без удзелу беларускіх спецыялістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?