Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі Польшчы не выдаткавала грашовых сродкаў на правядзенне сёлетняга «Басовішча». Аднак арганізатары заяўляюць, што мерапрыемства адбудзецца.

У гэтым годзе партнёрам «Беларускага аб’яднання студэнтаў», якое праводзіць фестываль на працягу 20 гадоў будзе фонд «Villa socrates», — паведаміў каардынатар сёлетняга фэсту Павел Грэсь:

— Мы меркавалі, што БАС не атрымае фінансавання — гэта працягваецца з мінулых гадоў, бо тады былі праблемы з фінансавым разлікам. У кастрычніку дамовіліся так, што фонд «Villa socrates» будзе партнёрам у арганізацыі фестывалю «Басовішча». Адказнасць за праект і за здабыццё сродкаў мы ўзялі на сябе.

Нягледзячы на тое, што міністэрства не выдзеліла грошай на арганізацыю «Басовішча-2013», ёсць вялікія спадзяванні, што яно ўсё ж такі будзе галоўным спонсарам фестывалю, — кажа Павел Грэсь:

— Уступныя перамовы прайшлі, усё ідзе да лепшага. Думаю, што гэта павінна адбыцца так, як і ў мінулым годзе. Увесну Міністэрства правядзе новы конкурс, мы зноў будзем падаваць свой праект, аргументуючы нашу супрацу гэтай дамовай.

«Villa socrates» і «Беларускае аб’яднанне студэнтаў» ужо вызначылі фармат сёлетняга фестывалю, арганізатары будуць арыентавацца на выканаўцаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?