У панядзелак, 16 ліпеня, у Львоўскай вобласьці Украіны здарылася экалягічная катастрофа. Сышлі з рэйкаў 15 цыстэрнаў таварнага цягніка, што перавозіў з Казахстана ў Польшчу таксічнае рэчыва — жоўты фосфар. Шэсьць вагонаў загарэліся.

Жоўты фосфар, адна з мадыфікацый звычайнага фосфару, што выкарыстоўваецца ў вытворчасьці запалак, зьяўляецца вельмі атрутным рэчывам і нават у мінімальных дозах пры трапляньні ў арганізм сьмяротны для чалавека. Напрыклад, як заначаюць спэцыялісты, праз таксічнасьць рэчыва хутка пачынаюць выпадаць зубы.

У Львоўскай вобласьці на месцы здарэньня працягваюць працаваць хімічныя войскі МНС. З тэрыторый, што разьмешчаны ля месца катастрофы (гэта Бускі раён на паўночным усходзе вобласьці), праводзіцца эвакуацыя насельніцтва. Эвакуаваныя каля 800 чалавек: у зону забруджаньня трапілі зь дзясятак населеных пунктаў.

МНС Украіны заяўляе, што ход ліквідацыі наступстваў аварыі знаходзіцца пад кантролем дзяржаўнай камісіі і ратавальнікаў, і пагрозы для жыцьця жыхароў рэгіёну няма. Але жыхары вёсак, што апынуліся ў эпіцэнтры аварыі скардзяцца на брак інфармацыі і працягваюць пакідаць свае дамы, перадае украінская служба BBC.

Людзі, што пацярпелі, скардзяцца на слабасьць. Дыягназ -- атручваньне парамі жозтага фосфару. Усе пацярпелыя адпраўленыя машынамі хуткай дапамогі да вайскова-мэдыцынскага цэнтру ў Львове.

Падчас гарэньня вадкасьці ўтварылася хмара з прадуктаў гарэньня (зона забруджваньня складае 90 кв км). У аўторак хмара дасягнула Валынскай вобласьці і цяпер, магчыма, рухаецца ў бок Беларусі — сёньня ўначы вецер зьмяніўся на паўднёвы. Праўда, у другой палове дня ён мусіць зьмяніцца на заходні.

Як перадае наш карэспандэнт зь Берасьцейскай вобласьці, сярод насельніцтва рэгіёну пачалі распаўсюджвацца панічныя чуткі наконт наступстваў аварыі.

Але Міністэрства па надзвычайных сытуацыях зазначае, што чуткі беспадстаўныя. «Пакуль пагрозы для Беларусі не існуе», — цытуе БелаПАН камэнтар прэса‑сакратара Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі Віталя Навіцкага.

«Мы знаходзімся ў цесным кантакце з МНС Украіны. Пакуль яны расцэньваюць гэтую надзвычайную сытуацыю як рэгіянальную. Калі існуе нейкая магчымасьць прасоўваньня атрутных ападкаў на нашу тэрыторыю, украінскія калегі павінны зьмяніць статус надзвычайнага здарэньня і ў абавязковым парадку нас праінфармаваць. На 7.30 сённяшняга дня такой інфармацыі мы не атрымлівалі».

Тым часам пачаўся маніторынг паветра ў сумежных з Украінай раёнах. Таксама зьмяніўся маршрут цягніка Менск — Івана‑Франкоўск, каб абысьці забруджаны рэгіён.

Ул. інф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0