Расійскіх і ўкраінскіх электронных бібліятэк — процьма, беларускіх — адна-дзве. З ініцыятарам і кіраўніком найбольшай з беларускіх электронных бібліятэк Яраславам Іванюком гутарыць Наталка Бабіна.

Яраслаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк.

Kamunikat.org сёння — гэта больш за 12 тыс. публікацый, якія маюць дачыненне да Беларусі. Характэрна, што робіцца сайт сіламі польскіх беларусаў і пры падтрымцы спонсараў, а беларуская дзяржава ніяк не спрыяе яе працы.

Наталка Бабіна: Колькі гадоў ужо існуе Kamunikat.org?

Яраслаў Іванюк: Гэтая ініцыятыва ўзнікла ў 2000 годзе, каб пераводзіць у інтэрнэт матэрыялы беларускай рэдакцыі радыё «Палонія». Спачатку я рабіў гэта сам, самастойна авалодаўшы патрэбнымі навыкамі. Вялікай папулярнасцю карысталіся гістарычныя матэрыялы. Паколькі тады ў Беластоку ўжо некалькі гадоў існавала Беларускае гістарычнае таварыства, я звярнуўся да яго кіраўнікоў Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча з пытаннем, ці дазволяць яны выставіць у інтэрнэт «Беларускі гістарычны зборнік» і кнігі, якія выдавала таварыства. Яны пагадзіліся, і з’явілася думка зрабіць спецыяльны сайт для беларускіх кніжак.

Спачатку гэта былі кніжкі, якія выдаваліся беларусамі Беласточчыны, і памалу стаў стварацца бібліятэчны сайт.
Мы звярнуліся з прапановай да Інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, да Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», а потым пачалі непасрэдна звяртацца да аўтараў з прапановай выстаўляць іх кніжкі на нашым сайце.
Спачатку гэта была папросту прыватная ініцыятыва — мая. Працавалі пры гэтым тры чалавекі: Аляксандр Максімюк, Наталля Герасімюк і я. Сем гадоў мы рабілі гэта ў свой вольны час.
І толькі ў 2007 годзе мы атрымалі падтрымку ад польскага Міністэрства замежных справаў. І з таго часу сайт Kamunikat.org зрабіўся прафесійным сайтам з рознымі інструментамі, патрэбнымі, каб сайт лічыўся сучасным і добра ўладкаваным.
За час «партызаншчыны» мы сабралі 800 публікацый.

На гэты момант на сайце больш за 12 тыс. беларускіх публікацый: кніжкі, часопісы, газеты, відэа- і аўдыёматэрыялы… Цяпер у нашым калектыве з дзясятак чалавек.

НБ: Ці супрацоўнічаеце вы з арганізацыямі з Беларусі?

ЯІ: Толькі з грамадскімі аб’яднаннямі, напрыклад, са Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», з незалежным Саюзам пісьменнікаў. Мы спрабавалі наладзіць супрацоўніцтва з афіцыйнымі выдавецтвамі, але нічога не выйшла.

Што сумна, да нас з Мінска даходзяць чуткі, нібыта адзін з правайдараў блакуе наш сайт.

НБ: Колькі чалавек заходзіць штодзённа на ваш сайт?

ЯІ:

Сайт адкрываецца 1500–2000 разоў на дзень. Пікі наведвальнасці назіраюцца падчас навучальнага года.
Трохі падае яна на канікулах.

НБ: Хто з аўтараў найбольш папулярны?

ЯІ: Цяжка назваць персаналіі. Раздзел сайта «Беларускія аўтары» мае амаль 300 персанальных старонак. Ёсць як сучасныя беларускія пісьменнікі, так і класікі. Мы публікуем аўтарскія кнігі, шануючы аўтарскае права.

Мы заўсёды заключаем дамовы з аўтарамі ці іх спадкаемцамі. Так, мы заключылі дамовы са спадкаемцамі Сяргея Грахоўскага, Івана Шамякіна, Уладзіміра Калесніка, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Івана Мележа
і іншых.

Папаўняючы нашы рэсурсы,

мы кіруемся двума крытэрамі: кніжкі павінныя быць па-беларуску або пра Беларусь.

Звяртаюцца да нас таксама людзі, якія гавораць, што няма магчымасці выдаць кнігі ў Беларусі, і просяць размясціць іх на нашым сайце.

НБ: Што ў планах?

ЯІ: Займаемся электроннымі кнігамі, якія робяцца ўсё больш папулярнымі. Цяпер большасць нашых кніг — гэта пдф-ы.

Да канца года плануем падрыхтаваць каля 150 электронных кніг, а ў наступным яшчэ каля 300 кніг трапіць да нашых карыстальнікаў.

Займаемся таксама аблічбаваннем беларускай прэсы.

Ужо маем аблічбаваную «Нашу Ніву», «Хрысціянскую думку», «Свабоду», «Бацькаўшчыну», газету «Беларус» і некалькі эміграцыйных выданняў. Цяпер аблічбоўваем «Наша слова» і «Пагоню».
Праца вельмі карпатлівая, бо архіўныя нумары часта захоўваюцца ў вельмі дрэнным стане, і каб гэта аблічбаваць, трэба прыкласці шмат намаганняў. Часам на адну старонку ідзе некалькі гадзінаў. Ёсць яшчэ планы аблічбаваць часопіс «Крыніца».

НБ: А самі чытаеце кнігі з Kamunikat.org?

ЯІ: Так! Але калі мне нешта падабаецца, то хочацца атрымаць кнігу ў папяровым варыянце, а найлепш — з аўтографам аўтара. Але я разумею, што моладзь будзе аддаваць усё большую перавагу электронным тэкстам. І я лічу, што гэта

няпраўда, нібыта беларуская літаратура не карыстаецца попытам, што яна нікому нецікавая. Калі 2000 разоў на дзень адкрываецца сайт — значыць, цікавая!

НБ: А што ў будучыні? Калі раптам фінансаванне спыніцца, будзеце працягваць?

ЯІ: Па сутнасці, не грошы важныя, а сама ідэя і радасць ад таго, што робіш добрую і патрэбную справу. А грошы… калі будуць — не зашкодзяць, а калі не будзе, то і так абыдземся. Будзем, у любым выпадку будзем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?