Месцазнаходжанне крымінальнай справы ў дачыненні да агентаў польскай разведкі, расследаванай Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі, па‑ранейшаму невядомае.

Як паведамілі БелаПАН у Вярхоўным судзе, у галоўную судовую інстанцыю краіны матэрыялы справы не прыходзілі. Разам з тым менавіта Вярхоўны суд павінен вызначыць падсуднасць гэтай справы, напрыклад, будзе яе разглядаць Ваенная калегія Вярхоўнага суда або Беларускі ваенны суд.

Разам з тым у Камітэце дзяржаўнай бяспекі працягваюць сцвярджаць, што матэрыялы справы ў суд накіраваныя.

Нагадаем, як паведаміла 15 ліпеня ОНТ, у суд перададзена справа ў дачыненні да былога маёра Узброеных сіл Беларусі Уладзіміра Рускіна, былога маёра, экс‑кіраўніка службы разведкі штаба адной з зенітна‑ракетных брыгад Віктара Богдана, ваеннаслужачых радыётэхнічнай брыгады войск СПА Беларусі Карнелюка і Пяткевіча. Яшчэ адзін фігурант гэтай справы, маёр Узброеных сіл Расіі Юрэня, вымушаны з’явіцца з павіннай у Федэральную службу бяспекі Расіі. Дзеянні ўсіх абвінавачваемых былі кваліфікаваныя як ажыццяўленне агентурнай разведкі на карысць замежных спецслужбаў.

Асновай доказнай базы шпіёнскай дзейнасці агентурнай групы сталі відэаматэрыялы аператыўных і следчых дзеянняў. У дачыненні да ўсіх фігурантаў следчым упраўленнем Камітэта дзяржбяспекі Беларусі распачаты крымінальныя справы на падставе часткі 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме шпіянажу).

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0