Пакуль палітызаваныя навэлі крымінальнага заканадаўства не набылі моцы, тэза пра «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі» напоўніцу скарыстоўваецца ў палемічным пінг-понгу.

Апазыцыянэры спаборнічаюць у жартах, на які тэрмін зьняволеньня нагаварылі перад замежнікамі. Сапраўды, потым, як на закон лягуць усе візы, будзе не да жартаў.

Найперш жа апанэнты ўлады паставілі рубам рытарычнае для іх пытаньне: а ці не палітыка вярхоў дыскрэдытуе краіну ў вачох цывілізаванай супольнасьці?

...Увосень мне давялося гутарыць з шэрагам уплывовых літоўскіх палітыкаў, што заклікалі, кажучы спрошчана, улагодзіць афіцыйны Менск пернікам. Сярод іх, напрыклад, эўрадэпутат Юстас Палецкіс. А найбольшым энтузіястам выглядаў наш зямляк з-пад Смургоняў — сябар Сойму Вацлаў Станкевіч.

Яны даводзілі, што Вільні — дый Эўропе ўвогуле (да Вашынгтону апеляваць няма сэнсу, там даўно адкінулі такія ілюзіі) — варта дарэшты скарыстаць шанец на дыялёг зь цяперашнімі беларускімі ўладамі. І спакваля схіліць іх да зьмякчэньня ўнутранай сытуацыі.

Літва (зацікаўленая, каб рос беларускі транзыт праз Клайпэду) нават рызыкнула. Памятаеце, як у кастрычніку прэм’ера Сідорскага нечакана прыняў калега Бразаўскас? На тле эўразьвязаўскай «палітыкі абмежаваных кантактаў» гэта была сэнсацыя.

Сёньня ж, пасьля славутых «паправак КДБ» (ды каскаду іншых захадаў супраць апазыцыі, мэдыяў, грамадзянскае супольнасьці), з прыхільнікаў перніка кпяць тыя, хто ад пачатку быў за бізун. Ну што, маўляў, пакаштавалі дулю з макам?

І вось ужо літоўскі прэзыдэнт Адамкус прымае апазыцыйнага лідэра Мілінкевіча.

Дык што ж, такім чынам, бачым?

Ініцыятары паправак шчыравалі, каб апазыцыя не дамаглася санкцыяў ды іншай трасцы. Але ў выніку афіцыйны Менск рызыкуе сам наклікаць непрыемнасьці. Адным фактам увядзеньня рэпрэсіўных навэляў. Ужо ня кажучы пра ўжываньне.

І чым болей тут затыкаюць глотку апанэнтам улады, тым прасьцей там ставіць палітычны дыягназ. Нават калі «ўнутраным орагам» пазашываць раты, Захад не палічыць, што ў Беларусі ўсё о’кей.

Колькі тыдняў таму падчас гутаркі ў Брусэлі я заўважыў, што віцэ-старшыня Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч міжволі пацірае запясьці, распавядаючы, як за камуністычным часам яго закоўвалі ў кайданкі. Дык хіба гэты вэтэран «Салідарнасьці» не зразумее бяз доўгіх тлумачэньняў, што робіцца ў сёньняшняй Беларусі?

Ну а эўрадэпутаты з краінаў Балтыі выдатна памятаюць дамоклаў меч часоў СССР — артыкул «Антысавецкая агітацыя і прапаганда».

Найхутчэй, менавіта прадстаўнікі суседніх краінаў праз Эўрапарлямэнт узмоцняць ціск на іншыя структуры Эўрапейскага зьвязу дзеля выпрацоўкі болей суворай у дачыненьні да афіцыйнага Менску палітыкі.

Тым болей што ў Варшаве, напрыклад, яшчэ раней апякліся на спробах усталяваць нейкія асаблівыя, болей лагодныя стасункі зь беларускімі ўладамі. Хацелі, як той кажа, па-суседзку. Але атрымалі смачную аплявуху ў выглядзе гісторыі са Зьвязам палякаў.

Кіеву таксама не пад нос пэрыядычныя закіды з боку беларускіх вярхоў. Дый арэол Майдану вымушае пацьвярджаць адданасьць ідэалам дэмакратыі. Галоўнае ж — не ў патэтычных клятвах, а ў прагматычных чыньніках. Украінскі дабрабыт будзе зараз наўпрост залежаць ад збліжэньня з супольнасьцю заходніх краінаў.

Натуральна, урад Юшчанкі намагаецца захоўваць пэўны палітэс у дачыненьнях зь Менскам, зважаючы на шалёны рост таваразвароту (ды яшчэ пры «падвешанай» беларускім бокам дамове пра мяжу).

Але разам з тым — атрымайце-расьпішэцеся! Менавіта ў Кіеве днямі абвешчаная Супольнасьць дэмакратычнага выбару. Дастаткова зірнуць на мапу, каб пераканацца, што новае ўтварэньне бярэ беларускі арэшак у абцугі.

І перамога Качыньскага ў Польшчы, і посьпех Мэркель у Нямеччыне — таксама аб’ектыўныя чыньнікі болей жорсткай лініі Эўропы ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. Мо пана Качыньскага ды фраў Мэркель прывялі да ўлады агенты беларускай апазыцыі?

Варта нагадаць, што міністры замежных спраў Эўразьвязу яшчэ на пачатку лістапада папярэдзілі Менск: калі перадвыбарчыя рэаліі ў краіне ня стануць болей цывілізаванымі, то кіроўным вярхам варта чакаць непрыемнасьцяў. Найперш пашырыцца чорны сьпіс «неўязнога» чынавенства ды будуць замарожаныя чые-кольвек рахункі ў тамтэйшых банках.

Рада Эўразьвязу паабяцала вярнуцца да пытаньня неўзабаве пасьля калядных вакацыяў. Але рэпрэсіўныя навэлі беларускага заканадаўства прымусілі Брусэль зрабіць адмысловую заяву. Менск папярэдзілі пра «сур’ёзныя наступствы». І асабліва падкрэсьлілі гатовасьць краінаў Эўразьвязу супрацоўнічаць у беларускім пытаньні з ЗША. Тэндэнцыя да збліжэньня адпаведных пазыцыяў Брусэлю і Вашынгтону — відавочная.

Ну а Кандаліза Райс, самі ведаеце, даўно пра ўсё сказала адкрытым тэкстам. Рэакцыя Дзярждэпу на «папраўкі КДБ» толькі пацьвярджае: Штаты пільна манітораць сытуацыю.

Іншая рэч, што, як бы ні дэманізавала Захад тутэйшая прапаганда, насамрэч ніхто там не зьбіраецца насаджаць у нас дэмакратыю агнём ды мечам. І пакуль значная частка суайчыньнікаў пакорліва згаджаецца з рэінкарнацыяй «саўка», улады, натуральна, будуць мэтадычна гнуць сваё. А на заявы Захаду — начхаць! Хай паспрабуюць укусіць, тым болей што асобныя эўрапейскія дэмакратыі добра падселі на нашыя нафтапрадукты ды калійны транзыт!

У супрацьстаяньні з Захадам афіцыйны Менск моцна спадзяецца на расейскі тыл. Зрэшты, і тут ня ўсё так проста. За недаробленым фасадам саюзнае дзяржавы кожны цягне коўдру ў свой бок. Шэраг аналітыкаў упэўненыя: варта Маскве ўбачыць моцную, рэальную альтэрнатыву дзейнаму беларускаму кіраўніку — і распачнецца зусім іншая гульня.

Карацей, высновы дзьве.

З аднаго боку, наіўна меркаваць, што зараз у Захаду лопне цярпеньне — і ён нейкімі надзвычайнымі мерамі дэмакратызуе Беларусь. Ды так, што нікому тут нават дулю з кішэні даставаць не давядзецца...

Тым болей наіўна чакаць дэмакратычнага імпэту ад Крамля.

Зь іншага боку, нават «элегантная перамога» на выбарах-2006 не абяцае тутэйшым вярхам спакойнага сну.

Пачнецца новы акт беларускай драмы, у якой можа быць нестандартная разьвязка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?