Апазіцыйныя сілы вядуць перамовы па вызначэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Як паведаміў Еўрарадыё лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, у перамовах пакуль удзельнічаюць тры структуры — рух «За Свабоду», Партыя БНФ і кампанія «Гавары праўду».

Аляксандр Мілінкевіч: «Аўтарытарны рэжым патрабуе кансалідацыі ў выглядзе адзінаабранага кандыдата. Такую працу мы вядзем. Проста яна кулуарная, яна не публічная, але прасоўваемся. І я думаю, выпрацуем, як мінімум, падыход».

Пакуль дзяліцца папярэднімі вынікамі перамоваў палітык не пажадаў. Але заўважыў, што калі адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года не будзе, то і ўдзельнічаць у іх не мае сэнсу. Як не мае сэнсу і байкот.

Аляксандр Мілінкевіч:

«У прэзідэнцкай кампаніі абавязкова трэба ўдзельнічаць. Ніякіх байкотаў не варта рабіць, бо гэта яшчэ больш дыскрэдытуе нас. Але без адзінага кандыдата няма чаго ўвогуле ўдзельнічаць. Хадзіць там групамі па некалькі чалавек з рознымі праграмамі, з рознымі мэтамі, я лічу, проста сорамна».

Мілінкевіч выказвае спадзяванне, што да іх трох структур у хуткім часе далучацца іншыя «вялікія групы дэмакратычнай супольнасці» і яны разам паспрабуюць вызначыць агульны падыход да выбараў прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?