Старшыня савета рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч не бачыць трагедыі ў продажы айчынных помнікаў архітэктуры расійскім бізнесменам.

У інтэрв’ю БелаПАН ён звярнуў увагу на нядаўняе паведамленне ў СМІ аб магчымым продажы расійскім прадпрымальнікам помніка палацава‑паркавай архітэктуры XIX‑XX стагоддзяў сядзібы ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці на беразе ракі Зальвянка.

Паводле яго слоў, гэтая унікальная сядзіба з’яўляецца помнікам рэспубліканскага значэння. «Гэта азначае, што ўсе работы па рэстаўрацыі і прыстасаванні будынка будуць праводзіцца пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка, а таксама пад кантролем грамадскасці, у тым ліку інспектараў таварыства», — падкрэсліў А.Астаповіч. Разам з тым, паводле яго слоў, сядзіба з’яўляецца аб’ектам нерухомасці, «і ў Маскву яе не вывезеш». «Пры гэтым мясцовыя ўлады валодаюць мізэрнымі шанцамі знайсці айчыннага прадпрымальніка з такім свабодным капіталам, які дазволіў бы бізнесмену набыць такую сядзібу», — зазначыў А.Астаповіч. Ён падкрэсліў, што для помніка такога значэння размова можа ісці толькі аб здачы ў арэнду на 99 гадоў, а не аб продажы ва ўласнасць. «Па рэштавым кошце ўлады могуць прадаваць толькі помнікі архітэктуры рэгіянальнага значэння», — сказаў А.Астаповіч.

Краскаўская сядзіба ўключае палац рэтраспектыўна‑замкавага стылю, узведзены ў 1839‑1905 гадах, шэраг драўляных і цагляных пабудоў, а таксама пейзажны парк плошчай тры гектары з сажалкай. Палац уяўляе сабою драўляны аднапавярховы корпус з прыбудаваным да яго двухпавярховым цагляным аб’ёмам, вертыкальныя дамінанты якога — круглая і квадратная ў сячэнні вежы з зубчатымі парапетамі і флюгерамі. Галоўны ўваход у сядзібу аформлены высокім ганкам і стрэльчатым парталам з чатырма вуглавымі пінаклямі. Будынак вылучаецца разнастайнасцю элементаў дэкору фасадаў.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0