На вуліцах Горадні зьявіліся надпісы — апошні адчайны сродак тых, хто пратэстуе супраць руйнаваньня старых дамоў.

Псаваць сьцены, ня важна якімі словамі, — у любым разе нядобра. Думаю, што абаронцы гораду гэта разумеюць. Але вось зноўку зьявіліся надпісы ў розных месцах старой Горадні. На сьцяне па вуліцы Урыцкага, напрыклад, сіняй фарбай напісана: «Тут быў дом. Чый заўтра?» Старую камяніцу, якая стаяла на гэтым месцы, сапраўды нядаўна разбурылі. Улады сказалі, што яна была ў аварыйным стане, і дакладна такую пабудуюць наноў. Але пляцоўку падчысьцілі, і ніякага будаўніцтва няма.

Можна ўбачыць нават надпісы на гарадзенскіх тратуарах: «Ганьба чыноўнікам!», «Брук — на стагодзьдзі, плітка — на два гады». Чаго можна чакаць ад графіці, якой рэакцыі, я ўжо не кажу пра карысьць?

Нам патэлефанаваў адзін малады актывіст і сказаў, што зьмест надпісаў будзе нэрваваць улады. На большае разьлічваць не даводзіцца, паколькі, калі чыноўнікі вырашылі нешта зрабіць, яны ніколі ня спыняцца, канстатаваў ён. Дык можа, варта засяродзіцца лепей на пашырэньні інфармацыі пра падзеі ў старой Горадні, зьвяртацца ў розныя ўстановы? На жаль, гэта таксама не дае ніякага выніку, сказаў гэты актывіст.

Іншы ўдзельнік кампаніі змаганьня за захаваньня гістарычнай забудовы нагадаў нам пра вядомы прыклад: зьнішчэньне дому ў стылі канструктывізму на Горкага, 29. Барацьба за яго адбывалася цалкам ў цывілізаваным рэчышчы. Былі сабраныя подпісы гараджанаў са зваротам да ўладаў, аўтарытэтныя гісторыкі выказаліся за яго захаваньне, быў зварот у міністэрства культуры, нарэшце зьявіліся публікацыі ў прэсе, нават сюжэт на тэлеканале ОНТ. Пасьля гэтага ўлады адразу зруйнавалі дом: ім заманулася пашырыць на мэтар вуліцу, хаця ён у гэтым зусім не перашкаджаў.

Як у такой сытуацыі змагацца? Збор подпісаў, звароты да саміх уладаў, у пракуратуру абсалютна безвыніковыя, гавораць некаторыя актывісты кампаніі. Яны ўжо пераканаліся, што любая ініцыятыва зьнізу толькі раздражняе ўлады, якія яшчэ з большым імпэтам імкнуцца тады давесьці свае пляны да канца.

Што ўвогуле на сёньняшні дзень уяўляе з сябе кампанія па супрацьстаяньню рэканструкцыі гістарычнай забудовы? Кругласутачных дзяжурстваў моладзі каля дамоў, якія будуць разбураны, даўно няма. Затое толькі што зьявіўся новы інтэрнэт‑сайт абаронцаў Горадні, прычым на ангельскай мове. 17 ліпеня перад гарадзенскай моладзьдзю выступіў з канцэртам Аляксандар Памідораў — якраз у рамках акцыі «Музыкі — супраць разбурэньняў». Другая мастацкая акцыя — скульптурны пленэр на беразе Нёмана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» не адбудзецца, улады адразу заўпарціліся і не далі згоды. Не спадабалася ім «крамола» тэмы: як гэта Хрыстос мог прызямліцца ў нашым абласным цэнтры? І навошта яго тады вылепліваць з пяску ў ляжачым выглядзе?

Алесь Кавалёў bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0