(8.01.1848–19. 02.1905)

На рэштках маёнтка лаза і асіны.
Але не схавалі яны ад людзей
Шляхетнасць і веліч, якія ў Айчыны
Былі пры табе і ў табе… І мілей
Нічога няма для цябе, і не стане,
Чым Нёман, хоць помніш Маскву і Парыж,
Як помняцца матчыны песні, каханне
І побач з дарогай запылены крыж,
З якога твая пачалася дарога,
Якім і закончыцца ўсё апасля.
А музыка будзе малітвай да Бога
Ляцець і вяртацца, як крык жураўля,
Які па-над Нёманам вольна крыляе,
Бо тут нарадзіўся ля гэтых дуброў,
Дзе ты без народа сябе не ўяўляеш,
Бо толькі з народам жывая ў нас кроў…

Твой родны маёнтак разбураць і спаляць
Тутэйшыя людзі, якіх ты любіў…

Чырвоная цэгла ў траве, нібы памяць,
Якую народ наш аднойчы згубіў,
Калі адвярнуўся на міг ад Айчыны,
Каб скінуць свой крыж беларускі з плячэй…

На рэштках маёнтка лаза і асіны,
І Нёман, як вечнасць, спакойна цячэ…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0