Кіраўніцтва Польскага грамадзкага тэлебачаньня афіцыйна зацьвердзіла сёньня ў сваёй структуры новы тэлеканал для Беларусі «Белсат» – гэта было неабходна, каб канчаткова стварыць арганізацыйную структуру і падрыхтавацца да пачатку працы. Паводле намесьніцы дырэктара каналу Бэаты Паклепы, канал пачне дзейнічаць сёлета ў лістападзе.
Напачатку «Белсат» будзе выходзіць у эфір на працягу 16 гадзін у суткі, трансьляцыя будзе цалкам беларускамоўная.
Цяпер ідзе падрыхтоўка супрацоўнікаў, закупка неабходнай тэхнікі, робяцца першыя перадачы.
Ідэю стварэньня ў Польшчы тэлебачаньня для Беларусі яшчэ ў красавіку скрытыкаваў Аляксандар Лукашэнка, які назваў гэты праект «дурным» і «недружалюбным».
Аляксей Дзікавіцкі, Радыё Свабода