«Ведаеце, мы гэтаксама нічога не ведаем, як і вы. Сядзім і чакаем. У нас жа спачатку павінен быць сход акцыянераў. І толькі потым адбудуцца нейкія змены», — расказваюць ў «Народнай газеце».
Яна ўвайшла ў лік чатырох дзяржаўных выданняў, якія вырашылі рэарганізаваць і аб’яднаць з «СБ». На гэты конт інфармагенцтва БелТА суха паведаміла: «Міністэрству інфармацыі даручана на працягу 15 дзён унесці на разгляд ураду праект адпаведнай пастановы. Кантроль за выкананнем распараджэння ўскладзены на Адміністрацыю прэзідэнта».
Чуткі пра змены ўзнікалі неаднаразова. Паведамлялася, што ў 2013 годзе на базе газеты «Советская Белоруссия» будзе створаны
Што будзе з супрацоўнікамі рэдакцый газет — таксама невядома. Сакратарка прыёмнай «Знамя Юности» неахвотна паведамляе, што пра свой лёс нічога не ведае.
«Акрамя той інфармацыі, якая прайшла па БелТА, я зараз нічога не ведаю».
Тое самае і ў рэдакцыі «Беларускай нівы». Там мне расказваюць, што кіраўніцтва выдання ўвесь час альбо на нарадах, альбо ў раз’ездах. А супрацоўнікі пра закрыццё газеты даведаліся толькі ўчора.
«Мы яшчэ абсалютна нічога не ведаем. Ніводны чалавек з нашых супрацоўнікаў нічога не ведае. Мы чулі, што будзе холдынг. Ішла размова. Але не больш».
Больш за ўсіх ведаюць у Міністэрстве інфармацыі. Там расказваюць, што «усе аддзелы Міністэрства патроху займаюцца гэтым пытаннем», і што «афіцыйная заява міністра аб далейшым развіцці падзей будзе неўзабаве».
Чуткі тым часам разыходзяцца самыя неверагодныя.Нават пра тое, што «Советская Белоруссия» пасля рэарганізацыі стане штодзённай газетай і «патаўсцее» ў некалькі разоў. Але даведацца нешта ў самой рэдакцыі «СБ» няма ніякай магчымасці. Аб гатоўнасці альбо негатоўнасці аддзела кадраў гэтага выдання прыняць да сябе супрацоўнікаў адразу чатырох дзяржаўных выданняў там гаварыць пакуль не гатовыя.