19.07.2007 / 11:19

Эколяг Барэйка: украінскія ўлады маняць, калі кажуць, што фосфарнай хмары не існуе 3

Тэхнагенная катастрофа ва Ўкраіне: дзень чацьверты. Сярод насельніцтва Берасьцейшчыны працягваюць распаўсюджвацца панічныя чуткі. Людзі настойліва раяць адвозяць дзяцей у Менск.

Дырэктар Кіеўскага эколяга‑культурнага цэнтру Уладзімер Барэйка ня верыць запэўніваньням украінскага Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, што фосфарнай хмары не існуе.

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію карэспандэнту украінскага інфармагенцтва УНІАН: «Наколькі мне вядома, хмара пайшла на паўночны захад. Дзяржорганы цьвердзяць, што далей Львоўшчыны яна ня пройдзе, але гэта ня так. Хмара можа пайсьці на палескія вобласьці Ўкраіны, так і на Польшчу ці Беларусь. І атрутныя рэчывы, хутчэй за ўсё, ўжо трапілі за тэрыторыю вобласьці».

Нагадаем, што 16 ліпеня а 16.55 па менскім часе ў Буськім раёне Львоўскай вобласьці (60 км на паўночны ўсход ад Львова) здарылася катастрофа. Сышлі з рэйкаў і перакуліліся 15 цыстэрнаў таварнага цягніка № 2005, што перавозіў з Казахстана ў Польшчу жоўты фосфар. 6 цыстэрнаў загарэліся.

Жоўты фосфар — мадыфікацыя звычайнага фосфару, што выкарыстоўваецца ў вытворчасьці запалак і вельмі небясьпечны для здароўя. Ён загараецца пры тэмпэратуры 34 градусы, а ў мінімальных дозах сьмяротна небсьпечны для здароўя.

Адразу пачаліся працы па ліквідацыі наступстваў аварыі і нават прыбылі інжынэры з Казахстану. З прылеглых раёнаў эвакуавалі 800 чалавек, 145 чалавек шпіталізаваныя, зь 43 дзіцяці з дыягназам «атручваньне парамі фосфару». Цягнікі Менск — Варна і Менск — Іван‑Франкоўск зьмянілі маршрут сьледаваньня, каб абысьці раён катастрофы.

Падчас тушэньня пажару ўтварылася хмара з прадуктамі гарэньня. 18 ліпеня МНС Украіны выступіў з заявай, што пагрозы выпадзеньня ападкаў не існуе, і ўзровень атрутных рэчываў не перавышае нормы.

Але не выключаецца магчымасьць паўторнай уцечкі фосфару з перавернутых цыстэрнаў пры спробе іх узьняць для транспартаваньня.

МНС Беларусі таксама заявіў, што пагрозы не існуе, а ў памежных з Украінай раёнах вядзецца маніторынг паветра і пакуль перавышэньня дапушчальных нормаў ня выяўлена.

Тым часам на Берасьцейшчыне, як перадае наш карэспандэнт, насельніцтва знаходзіцца ў паніцы. Чуткі падаграваюцца расейскімі электроннымі СМІ, які працягваюць нагнятаць абстаноўку, заяўляючы, што ва Ўкраіне здарыўся сапраўдны другі Чарнобыль. Мясцовыя «добразычліўцы» раяць людзям адвозіць дзяцей у паўночныя раёны, у прыватнасьці ў Менск.

Праўда, яшчэ ўчора памяняўся кірунак ветру на паўночна‑заходні і цяпер ён наадварот дзьме зь беларускага Палесься на Ўкраіну.

На польскіх сайтах, навіна пра катастрофу, саступіла іншым, больш актуальным, прыкладам, выбуху на Манхэтане, катастрофе ў Бразыліі і аварыі ў Вугоршчыне аўтобуса з румынскімі пасажырамі. На ўкраінскіх сайтах навіна пра жоўты фосфар таксама саступае месца больш актуальным.

Ул. інф.

0
Караед / Адказаць
19.07.2007 / 12:48
Я зараз знаходжуся ў Луцку і магу пацвердзіць, што украінская ўлада хлусіць свайму народу. Сам бачыў над Луцкам фосфарную хмару у той час калі цэнтральныя ўлады казалі, што раён паражэння катастрофы- 90 квадратных кіламетраў. А Луцк ад месца здарэння знаходзіцца больш за 100 кіламетраў. Паўсюль па горадзе чуваць пах чыснаку- характэрны пах фосфару. Учора на маіх вачах маладому хлопцу на вуліцы стала кепска.
0
sid / Адказаць
19.07.2007 / 21:04
Вось яна, свабода слова па украiнску/
0
ФГ / Адказаць
20.07.2007 / 00:20
Заўважце: катастрофа здарылася чамусці у самай нацыяналістычнай, самай не любячай расіі вобласці і у час гарачыні, пры тэмпературы самаузгарання фосфару.Занадта многа выпадковасцей у адным мейсцы. Вельмі падобна на помсту за нелюбоў да імпэрыі. Гэнацыд чарговы з боку усходняга монстра за нацыяналізм, вельмі падобна. Чарговы пасля чарнобыльскага. А раней -- галадаморы, сталінскія рассрэлы мільенаў і г.д.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру