Асобаў, якія 2 студзеня збілі інваліда ў метро, шукалі «ўсім інтэрнэтам».
І гэтая праца дала свае вынікі: сёння ўсіх падазраваных у злачынстве затрымалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў РУУС Партызанскага раёна. Але інфармацыя пра «падазраваных» з’явілася не толькі ў крымінальнага вышуку — ужо ўчора яе можна было знайсці ў агульным доступе ў сеціве. Пры гэтым з асабістай інфармацыі ў тэкстах матэрыялаў былі і фотаздымкі з сацыяльных сетак. Самае ж «смачнае», то бок спасылкі на самі старонкі Укантакце можна было знайсці ў каментарах.
На пакуль яшчэ нават не падазраваных міліцыяй двух хлапцоў і дзяўчыну накінуліся сотні байнэтаўцаў, якія паспяшалі запісаць іх у вінаватыя.
Лёгкая абраза — напэўна, самае «бязвіннае», што яны пачулі ў свой адрас. Вельмі нагадвае суд Лінча — выцягнулі, павесілі… Асаблівую радасць «легіёну» даставіў факт, што адзін з падазраваных юнакоў з’яўляецца курсантам Акадэміі міліцыі. Як аказалася ў выніку, гэты хлопец не мае ніякага дачынення да інцыдэнта.
Сёння было афіцыйна паведамлена, што толькі адзін «апазнаны» Белнэтам чалавек сапраўды прысутнічаў у часе правапарушэння.
Але ад сеціва «папала» траім. Раней такое ўжо здаралася і ў часе пагрому Плошчы ў 2010 годзе, і пасля тэракта ў метро, і пасля Маўклівых пратэстаў.
«Наша Ніва» папрасіла кіраўніцу партала «Медыякрытыка» Яніну Мельнікаву пракаментаваць паводзіны СМІ ў падобнай сітуацыі.

На яе думку, СМІ дзейнічалі карэктна. «Размяшчэнне ў СМІ запісаў з камераў назірання — гэта цалкам нармальная практыка дапамогі праваахоўным органам. На гэта і быў разлік, што людзі пачнуць шукаць», — кажа Яніна Мельнікава. «Я не бачыла тут цкавання з боку журналістаў [бо ўказанняў на вінаватасць падазроных у СМІ не было — НН]».

Але тое, што адбываецца ў сацыяльных сетках і на форумах — іншая справа.
«Ёсць праца журналіста і журналісцкая адказнасць, а ёсць пытанне каментароў. І тут няма адназначнага адказу, тут можна дыскутаваць пра прэмадэрацыю, постмадэрацыю ці ўвогуле магчымае адключэнне каментароў у такой тэме», — кажа Мельнікава. «На жаль, каментатары часта падстаўляюць журналістаў. І ў пытанні каментароў трэба, з аднаго боку, не даваць каментатарам пераходзіць дазволеную мяжу, а з другога боку — памятаць пра свабоду слова».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?