Ён стаіць на сцежцы над возерам на паўдарозе між Полацкам і Мінскам. Заплечнік, на адным плячы — кайстра і фотаапарат — на другім.
Жылістая рука замерла пад лямкай. На ім чорная майка, шэрыя паходныя штаны. Выгбы бязлюдных узгоркаў, аперазаных пералескамі, сыходзяць вакол возера за далягляд. Мяккі марэнны ландшафт паўночнай Беларусі, які Зянон Пазняк назваў непаўторным у свеце.
Мужчыну зваць Уладзімір Лобач, ён этнограф — сапраўдны, — які вывучае аўтэнтычную культуру зямель летапісных крывічоў. 20 гадоў ён ходзіць дарогамі Паўночнай Беларусі, запісвае. Яшчэ ён эсэіст і паэт.
Таксама ад унутранай патрэбы, паўнапраўны. Гэтае яго фота — на вокладцы кнігі вершаў Ulaslovy.

Ула — гэта рака на Паўднёвай Полаччыне. Гэта не спаскуджаны лішнімі гасцямі край строгага хараства. Менавіта яго вывучае Лобач-этнограф, і гэтая ж зямля стала гераіняй ягоных вершаў.

На такіх людзях, як Лобач, падарожніках і працаўніках, не затрымліваецца лішні тлушч, у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова.
Няма лішняга туку і на ягоных вершах. Іх стыль эканомны, гэта не паэзія для эстрад. Хоць чуйны спявак мог бы здабыць з гэтага зборніка пару шэдэўраў: «А нас стралялі па адным і ўночы…» («Крывічы 1930-х»), «Птушкі не маюць імёнаў…» («Кола»).
У вершах прадказальна шмат сімволікі, якую аўтар вывучае «на полі нардычным, пад небам нардычным».
Але гэта не ультраправая паэтыка, уласцівая, напрыклад, позняму, заблуканаму Славаміру Адамовічу. Гэта спакойная, суровая лірыка («Вайну, як і гару, не кожны раз аб’едзеш…»). Жанчыны так не думаюць і не пішуць («Бі. А ты бі на ўзлёт…»).
Свет «Уласловаў» ультрамужчынскі, а гэта такая рэдкасць сёння.
Аўтар узгадвае «Край і Мову» як жыццёвы прынцып — і гэта таксама частка гэтага мужчынскага, жыльнага выбару, які «вусаты пракуратар так і не здолеў зразумець».
У адрозненне ад ультраправых, Лобач не робіць з барацьбы і ксенафобіі культу, як не жыве змаганнем і не ганарыцца сваёй выключнасцю воўк — крывіцкі татэм.
Лобач ставіцца да інакшасці, да тых, хто «любіць янота з глыбокай нары», без нянавісці («Загадай, каго хочаш сустрэць…»). Гэта не талерантнасць дэкадэнта, а памяркоўнасць, якая ідзе ад умення слухаць, назіраць і ад вялікага вопыту, ад пройдзеных дарог і сустрэтых людзей.

Што цікава, Лобач не дапускае пачутага, «словаў іншых» у сваю паэзію. У ягоных вершах ніхто не гаворыць, акрамя самога героя. Не мова глаголіць Лобачам, ён сам выбірае словы.

У сімвалізме Лобача трохі ёсць, з аднаго боку, ад Цэляна і еўрапейскіх мадэрністаў ХХ стагоддзя, з другога — ад традыцыйных японскіх лірыкаў.
Але Полаччына Лобача — самадастатковы свет. Дарогі, брук і шэпты вады — тры скразныя вобразы гэтага зборніка, і тут увогуле не знойдзеш ніводнага вобразу з чужых краёў. Свайго хапае для ўсяго.
Проза Лобача звяртала ўвагі больш, чым ягоная паэзія.
Ягонае апавяданне «Калядоўшчыкі» (2005), у якім ён вывеў пазнавальных персанажаў нашай дыктатуры, у свой час нямала каштавала асабіста рэдактарам «Нашай Нівы» і газеце. Нічога, няхай, затое scripta manent.

Студэнтам, у сярэдзіне 90-х, я прагна чытаў у «НН» эсэ Лобача і ягонага земляка Сяргея Шыдлоўскага, які апошняе дзесяцігоддзе, здаецца, прамаўчаў. А шкада. І радасць, што Лобач не маўчыць.

Вынішчэнне замоўчваннем — колькасна меншым і палітычна паняволеным культурам, у тым ліку і беларускай у цяперашняй РБ, даводзіцца з гэтым жыць. Ёй супрацьстаіць наша «праца жыльная з відна і да відна», ахвяраванне.

«І будзе перамога пасля бед — Радзіма вольная і любая жанчына».

Лобач — наш непаўторны сучаснік, і раю збіраць і адсочваць усё, што з ім звязанае. У тым ліку і гэтую 108-старонкавую кніжыцу, што выйшла ў «Логвінава».

Блог Уладзіміра Лобача

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?