Марына Лобава паведаміла, што 11 студзеня ёй з калёніі патэлефанаваў сын, палітвязень Эдуард Лобаў. Ён перадаў маці, што яго могуць пакараць пазбаўленьнем кароткатэрміновага спатканьня, якое яны плянавалі на люты.

«Пагаварылі мы вельмі хутка. Я зьбіралася на наступным тыдні званіць у калёнію, дамаўляцца пра тое, калі можна ехаць на спатканьне. Але Эдзік мне сказаў, што

спатканьня яго могуць пазбавіць, бо ў яго было нейкае парушэньне.
Пакуль вырашаецца, якое на яго могуць накласьці пакараньне. Што за парушэньне, нічога не сказаў, не патлумачыў».

Калі з Эдуардам Лобавым адбылося тое, што адміністрацыя лічыць парушэньнем, маці палітвязьня невядома. Гэта магло быць у любы дзень з 31 сьнежня, калі Эдуард апошні раз званіў дамоў, бо тады ён нічога не казаў пра інцыдэнт.

Марына Лобава:

«Гэта можа быць што заўгодна: не туды пайшоў, ня там апынуўся, не зашпіліўся, недакладна павітаўся. Пры жаданьні можна за ўсё прычапіцца».

Маці палітвязьня нагадала, што да канца 2012 году на рахунку Эдуарда Лобава лічылася 7 парушэньняў. Як лічыць Марына Лобава, большасьць з парушэньняў сына былі надуманыя.

Таксама ў размове з маці Эдуард Лобаў перадаў падзяку шматлікім людзям, якія віншавалі яго з Калядамі і Новым годам ды выказвалі яму салідарнасьць і падтрымку.

Эдуард Лобаў адбывае 4 гады зьняволеньня у івацэвіцкай калёніі па абвінавачваньні ў хуліганстве. Яго разам зь Зьмітром Дашкевічам затрымалі за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?