У Беларусі зацверджана праграма дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на 2013–2015 гады.
Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Савета міністраў № 1242 ад 29 снежня 2012 года.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, дакументам вызначаны мерапрыемствы, скіраваныя на далейшае развіццё ў Беларусі асноўных відаў дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Галоўныя з іх —

фінансавае, маёмаснае і інфармацыйнае забеспячэнне суб’ектаў, а таксама садзейнічанне беспрацоўным у арганізацыі ўласнай справы.

Падчас рэалізацыі праграмы будуць прынятыя меры па стымуляванні дзелавой актыўнасці, ухіленні адміністрацыйных бар’ераў, якія перашкаджаюць вядзенню бізнесу, а таксама павышэнню эфектыўнасці працы і далейшаму развіццю інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

«Для дасягнення заяўленых мэт у 2013–2015 гадах павінны вырашацца задачы па ўваходжанні Беларусі ў лік перадавых краін па вядучых міжнародных рэйтынгах, якія характарызуюць канкурэнтаздольнасць, дзелавое асяроддзе, узровень інавацыйнага развіцця і эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання. Гэта будзе спрыяць паляпшэнню міжнароднага іміджу і росту даверу ў нацыянальных і замежных інвестараў да эканамічнай палітыкі, што праводзіцца, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — Праграма заклікана стаць асноўным дакументам урада, які вызначае далейшыя захады па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу з улікам прыярытэтаў, замацаваных дырэктывай № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Агульную каардынацыю і маніторынг выканання мерапрыемстваў праграмы ажыццяўляе Міністэрства эканомікі Беларусі, кантроль за эфектыўнасцю і аб’ёмамі выканання гэтых мерапрыемстваў на месцах — аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?