Апеляцыйны суд Літвы (АСЛ) у панядзелак зрабіў больш жорсткім пакаранне асуджанаму за высылку жыхароў краіны ў Сібір 84-гадоваму Вацлавасу Каялісу — замест грашовага штрафу яму прызначана паўгода пазбаўлення волі.

Клайпедскі акруговы суд у 2011 г. асудзіў яго да штрафу памерам 3,9 тыс. літаў (1 130 еўра). Пракуратура абскардзіла гэты прысуд і папрасіла прысудзіць Каяліса да пяці гадоў пазбаўлення волі. Суд часткова задаволіў скаргу.

Каяліс прызнаны вінаватым і асуджаны за тое, што будучы супрацоўнікам МДБ Літоўскай ССР ажыццяўляў рашэнні акупацыйных уладаў аб высылцы сем’яў літоўскіх партызан, іх памочнікаў і буйных фермераў з Літвы ў паўночныя і ўсходнія раёны СССР.

Паводле дадзеных справы, 5 жніўня 1952 г. Каяліс прыбыў разам з выканаўцамі рашэння аб высылцы ў дом аднаго жыхара ў Таурагскім раёне, дапытаў мужчыну 1905 нараджэння і падпісаў пратакол допыту.
Пасля Каяліс даставіў жыхароў на чыгуначную станцыю Відукле. На наступным тыдні сям’я была гвалтоўна вывезена па чыгунцы з Літвы ў Краснаярскі край, дзе прымусова жыла да 1957 года.

Згодна з КК, за высылку і перамяшчэнне цывільных асоб прадугледжваецца пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў. Каялісу зрабілі скідку з увагі на ўзрост і стан здароўя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?