14.01.2013 / 23:52

Дзякуй тэлеканалу АНТ за «Навагодні аганёк» 7

Беларусы, радуйцеся і ганарыцеся!

Упершыню за 18-гадовае кіраванне Рэспублікай Беларусь А. Лукашэнкам тэлеканал АНТ падараваў жыхарам Беларусі цалкам беларускамоўны «Навагодні аганёк». На жаль, у святочную праграму не ўпісваліся вонкава сімпатычныя і інтэлігентныя «русскоязычные» вядоўцы. 2 гадзіны 15 хвілін з вуснаў выканаўцаў, як бясконцая крынічка, гучалі толькі беларускія песні. І ў гэты час забыліся няспынныя нявыкананыя просьбы да прэзідэнта і чынавенства і пратэстнае змаганне за родную і першую дзяржаўную беларускую мову, культуру. Упэўнены, што беларусы, якія карыстаюцца беларускай мовай і якія ў сэрцы носяць, паважаюць і шануюць яе, дзве гадзіны былі на небе разам з Богам.

Маё ўспрыманне гэтай важнай падзеі: кіраўніцтва АНТ, стваральнікі і ўдзельнікі навагодняга аганька нарэшце па-добраму прафесійна раззлаваліся і вырашылі самім сабе як прафесіяналам даказаць, а тэлегледачам паказаць, што тэлебачанне ў Беларусі можа і павіннае быць як ва ўсіх краінах — нацыянальным, што час спыніць гуманітарную катастрофу з беларускай мовай — асновай беларускай культуры.

Удзельнікі навагодняга аганька яскрава і пераканаўча прадэманстравалі і пацвердзілі поўную самадастатковасць сучаснай беларускамоўнай эстрады — асновы сучаснай шоу-індустрыі. Нашы спевакі, нашы прыгажуні ні ў чым не саступаюць расійскай папсе. На жаль, наш прэзідэнт адкінуў, уласнаручна разбурыў сцяну (мяжу) з Расіяй. І наш дом-Беларусь застаўся трысценкам, а ён па законах фізікі і архітэктуры непрыдатны для нармальнага жыцця. Трысценак заўжды прыляпляюць да іншага дома, які мае чатыры сцяны. Гэта параўнанне даю ў сувязі з тым, што ўжо 18 гадоў ні на тэлеэкранах, ні на тэатральных сцэнах нашых палацаў і арэнаў мы амаль не бачым артыстаў з суседніх краін: Украіны, Польшчы, Літвы, Эстоніі. А таму і параўнаць нашу эстраду з імі няма магчымасці.

Мае прапановы і просьба да кіраўніцтва «Белтэлерадыёкампаніі» і АНТ.

Абавязкова паўтарыць, і не адзін раз, «Навагодні аганёк» на АНТ у 2013 годзе і прапанаваць яго іншым каналам. Рэкламныя моманты дзеля эканоміі часу трэба зняць. Памятаем, прэзідэнт абвясціў 2014 Годам беражлівасці.

Дзеля абуджэння здаровага гонару і самапавагі ўсім дэпутатам абедзвюх палат на чале з іх кіраўніцтвам у поўным складзе арганізаваць культпаход на прагляд «Навагодняга аганьку».

І яшчэ: па цэнах квіткоў на пераспелых пенсіянераў расійскай шоу-эстрады, якім аддадзеныя ўсе найлепшыя сцэны, для 80% жыхароў Беларусі канцэрты не даступныя. У той жа час нават народныя і заслужаныя артысты Беларусі гады ў рады выступаюць на тэлеканалах і тэатральных сцэнах, што ўжо казаць пра маладую рунь. А яна такая сакавітая, такая надзейная для творчага буяння і росквіту. Толькі не трэба яе дратаваць і зневажаць. Згадаем для прыкладу прарыў і прызнанне, на вялікі жаль, за мяжой Яўгена Літвінковіча, Уладзіміра Дзмітрука. А для гэтага ад адпаведных чыноўнікаў патрабуецца так мала — чэсна, як патрабуе прэзідэнт, выконваць свае абавязкі перад народам, і так многа — палюбіць адпаведна сваёй пасадзе, асабістай інтэлігентнасці беларускую культуру, мову.

Прафесар Мікола Савіцкі

0
Мікалай / Адказаць
15.01.2013 / 00:33
З задавальненнем паглядзеў і паўтор "Навагодняга аганька"! Выдатны і праект "Я люблю Беларусь", дзе шырока выкарыстоўваецца беларуская мова і пытанні, звязаныя з гісторыяй і сучаснасцю нашай роднай краіны! Малайцы, супрацоўнікі тэлеканала!
0
Вася / Адказаць
15.01.2013 / 11:03
Скачать "Новогодний огонек" от ОНТ можно здесь http://rutor.org/torrent/246169/novogodnij-ogonek-novogodnjaja-noch-na-telekanale-ont-2012-dvb-by-sergey911
0
Юрась Беларус / Адказаць
15.01.2013 / 12:03
Дзякуй, Вася за спасылку, бо нідзе не мог знайсці "Навагодні аганёк".
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру