19.07.2007 / 21:45

Чаго чакаць ад блогу? 3

Падалося мне, што ад блогу чакаюць не зусім таго, чаго трэба было б чакаць. Якая мэта? Што хацеў сказаць аўтар? Гэтыя пытаньні калі ня прама задаюцца, то яўна чуюцца за некаторымі камэнтарамі. Каб такіх пытаньняў было менш, перш за ўсё, мае сэнс разабрацца, што такое блог і чым ён адрозьніваецца ад звычайнага артыкулу. Піша Аляксандар Шрамко

Падалося мне, што ад блогу чакаюць не зусім таго, чаго трэба было б чакаць. Якая мэта? Што хацеў сказаць аўтар? Гэтыя пытаньні калі ня прама задаюцца, то яўна чуюцца за некаторымі камэнтарамі. Каб такіх пытаньняў было менш, перш за ўсё, мае сэнс разабрацца, што такое блог і чым ён адрозьніваецца ад звычайнага артыкулу. Даруйце, калі скажу рэчы для кагосьці даволі простыя і відавочныя.

Блог – гэта даволі нядаўняя зьява, спосаб ня столькі абмену інфармацыяй, але (і нават больш) сродак душэўнай сувязі, адкрыцьця ня толькі думак, але навогул усяго свайго жыцьця ў “он-лайн”. Блог – гэта чыста дзіця Інтэрнэту, і нават Інтэрнэт не адразу дарос да яго нараджэньня. Доўгі час у сетцы панавалі форумы, у якіх, з аднаго боку, абмяркоўвалася нейкая тэма ці высьвятлялася пытаньне, а з другога - за абмеркаваньнем ужо праглядалася асоба ўдзельніка, ягоныя погляды, рысы ягонага характару. Як бы між іншым, ён мог распавесьці пра нейкія зьявы ў сваім жыцьці, пра тое, аб чым ён зараз думае, марыць, што яго клапоціць, якія падзеі на яго ўплываюць, і ня толькі ў грамадзкім, але і ў прыватным жыцьці. Гэта ўжо быў крок да такога цяпер сам сабой зразумелага сродка сувязі паміж людзьмі.

Чалавек проста піша нешта кшталту дзёньніка свайго жыцьця, але з разьлікам на тое, што гэта будзе цікава ня толькі яму самаму. Кола чытачоў можа быць і адкрытым, і выключна выбраных. Але гэта яшчэ ня ўсё. Неад’емнай часткай блогу зьяўляюцца камэнтары. Камэнтарамі чытачы актыўна ўдзельнічаюць ў функцыянаваньні блогу і рэальна ўплываюць на яго зьмест. Пры чым, часьцей за ўсё, гэтыя камэнтатары маюць такія ж блогі на тым жа сэрвэры, а такім чынам, камэнтуюць адзін аднаго ўзаемна. Узаемнасьць гэта ўзмацняецца тым, што на блогу ўдзельніка прадугледжана спэцыяльная старонка, дзе аўтаматычна з’яўляюцца ўсе запісы з блогаў яго сяброў. Дзякуючы такому лёгкаму доступу да запісаў, аўтар ня вельмі абцяжараны адказнасьцю за зьмест запісаў. Гэта можа быць адзіны сказ, нейкая эмацыйная нататка наконт нейкіх падзеяў, даволі сырая думка, спасылка… Усё тое, чым хочацца падзяліцца з сябрамі.

Вось тут пачынаюцца цяжкасьці ў дачыненьні да такога блогу, які вядзецца асобнымі людзьмі на сайтах СМІ, як і гэты блог у “Нашай Ніве”. Пасьля ўжо пяцігадовага досьведу вядзеньня звычайнага блогу на Livejournal розьніца для мяне даволі адчувальная. Тут няма такой роўнасьці. Існуе аўтар, і толькі ён піша галоўны артыкул. Астатнія толькі камэнтуюць. Пры гэтым для чытаньня блогу ім трэба спэцыяльна заходзіць на адпаведную старонку, што надае аўтару адчуваньне нашмат большай адказнасьці. А таму запісы міжволі становяцца больш падобнымі на звычайныя артыкулы. Страчваецца тая лёгкасьць і прастата, што і робіць блогі такімі прывабнымі для чытаньня.

Таму я зьвяртаюся да паважаных чытачоў, каб яны дапамаглі мне, каб гэты блог аформіўся менавіта як блог, а ня зборка артыкулаў з камэнтарамі. Для гэтага трэба толькі цярпеньне і паблажлівасьць. Менш трэба аналізаваць, навошта і для каго гэта напісана. Напісана, бо захацелася напісаць. Каму цікава – чытайце. Ёсьць сваё меркаваньне, няхай самае супрацьлеглае, - можна яго выказаць. Гэта ўсё нармальна і натуральна. А вось лаяцца на тэму таго, што гэта за прапаганда, і чаму такі блог, і чаму пусьцілі такога аўтара, давайце ня будзем. Мне прапанавалі, і я прыняў прапанову. Чаму менавіта мне прапанавалі - не да мяне пытаньне. Толькі прашу цярпліва прымаць мяне такім, якім я ёсьць. Хто не прымае, той можа проста не чытаць.

Калі я больш пішу пра праваслаўе, то гэта толькі таму што я праваслаўны, і ўсё, што зьвязана з Царквой, найбольш мяне турбуе. Я пра гэта больш думаю, а таму больш і пішу ў блогу. Блогу, дзе як раз павінны адлюстроўвацца мае непасрэдныя думкі. Толькі гэтым усё тлумачыцца, а зусім не жаданьнем неяк “прасунуць” праваслаўе. Вядома, мяне цікавіць навогул усё, што зьвязана з хрысьціянствам, а таму нешта буду пісаць і пра іншыя царквы і канфэсіі. Але, зразумела, так, як я бачу. А гляджу я з боку праваслаўя (што зусім не адзначае нейкую варожасьць). Гэта мой суб’ектыўны погляд, але я і не прэтэндую на нейкую бясспрэчную “аб’ектыўнасьць”. Неад’емнай рысай блогу зьяўляецца як раз ягоная суб’ектыўнасьць і шчыльная сувязь з аўтарам. Гэта размова ад першай асобы. Нават я пастараюся больш увагі зьвяртаць проста на сваё асабістае жыцьцё і канкрэтныя жыцьцёвыя справы. Пакуль гэта не атрымліваецца так, як у Livejournal, але спадзяюся з вашай дапамогай гэта выправіць.

Са свайго боку абяцаю пісаць шчыра, але з павагай да чытачоў і да розных поглядаў. Давайце вучыцца адзін у аднаго талерантнасьці. Без талерантнасьці не магчымыя ні культура, ні дэмакратыя. І не магчымая сапраўдная вера. Бо гэта менавіта Бог дазваляе чалавеку нават памыляцца. Пры тым, што Ён зусім не раўнадушны да нашага лёсу. Паказвае нам шлях да Ісьціны, нават ахвяруе Сабой дзеля нас. Але чакае ад нас свабоднага выбару, не штурхае на Свой шлях сілай. Ня лаецца і ня тузае нас на кожным кроку. Будзем вучыцца ў Яго.

Аляксандар Шрамко

0
Ігар / Адказаць
19.07.2007 / 22:04
Шчыра і па справе! Ойча, чытаю Вашыя допісы зь цікавасьцю, хоць і не праваслаўны. Колькасьць камэнтараў да Вашых допісаў паказвае цікавасьць наведвальнікаў старонкі "НН" да пытаньняў веры. На жаль, папяровая "НН" пакуль не ў дастатковым аб'ёме зьвяртаецца да гэтай тэматыкі.
0
Кастусь / Адказаць
20.07.2007 / 00:01
Ойча, прашу паразважаць у чым вялікі сэнс падпарадкаваньня праваслаўнай царквы ў Беларусі маскоўскаму патрыярхату? Здаецца ўсе праваслаўныя цэрквы маюць сваіх патрыярхаў, акрамя вядома прыбалтыйскіх краін, дзе царква абслугоўвае невялікую колькасьць вернікаў, ды й тое збольшага этнічных расейцаў, беларусаў і украінцаў? Чым Беларусь адрозьніваецца ад Польшчы, Баўгарыі ці Румыніі?
0
Аляксандар Шрамко / Адказаць
20.07.2007 / 10:59
Кастусь напiсаў(ла): "Ойча, прашу паразважаць у чым вялікі сэнс падпарадкаваньня праваслаўнай царквы ў Беларусі маскоўскаму патрыярхату? " Тэму гэтага "вялікага сэнсу" трэба пачынаць з сэнса і гісторыі навогул аўтакефаліі. Таму можа не абыддзецца адным запісам:) Але пра гэта безумоўна трэба пагаварыць.Для пачатку прапаную паглядзець адпаведную тэму ў нас на форуме: http://churchby.info/forum/viewtopic.php?t=16
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру