Рэспубліканская Дзяржаўтаінспекцыя са спасылкай на гідраметэацэнтр паведамляе, што днём 15 студзеня і на працягу сутак 16 студзеня на тэрыторыі Беларусі чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я. На большай частцы краіны снег, мокры снег, па поўдні з дажджом, месцамі моцны снег, галалёд, на дарогах галалёдзіца.
«У складаных дарожных умовах кіроўцам неабходна быць гранічна ўважлівымі і асцярожнымі за рулём. Падчас моцных ападкаў неабходна рухацца з уключаным блізкім святлом фар, выбіраць бяспечную хуткасць і дыстанцыю, з асаблівай асцярожнасцю рухацца па мастах, эстакадах і паблізу пешаходных пераходаў, адмовіцца ад рэзкіх тармажэнняў і манеўраў», — гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі.
Дзяржаўтаінспекцыя заклікае кіроўцам выконваць правілы паркоўкі і не пакідаць аўтамабілі на краі праезнай часткі, каб не перашкаджаць нармальнаму руху транспарту і працы снегаўборачнай тэхнікі.
Пешаходам таксама варта праяўляць павышаную ўвагу. Пераходзіць дарогу толькі ва ўстаноўленых месцах. Нават на рэгуляваных пешаходных пераходах не пачынаць рух, пакуль усе аўтамабілі не спыняцца. У цёмны час сутак абазначаць сябе святлоадбіўнымі элементамі.
Веласіпедыстам і вадзіцелям мапедаў ДАІ нагадвае, што згодна з правіламі дарожнага руху падчас снегападу і галалёдзіцы рухацца на двухколавым транспарце забаронена.