Калі я гавару мовамі
    чалавечымі і анёльскімі,
    а любові не маю,
    дык я — медзь звонкая або кімвал гулкі.
    І да Карынцянаў 13:1
Размаўляеш па-беларуску — быццам цалуеш.

Павольна. Меладычна. З ціхай пяшчотай. З ненатольнай мяккасцю. У плыні цеплыні, калі зацінае дыханне… Вусны наліваюцца роднасцю, пякуча спалучаюцца і балюча расстаюцца, насычаюцца смакам блізкасці, растуляюцца, каб прыняць ласкавыя штуршкі языка, і час ад часу нецярплівае прыцмокванне дзекання і цекання кроплямі падтаквае ў тахт: так, так, так крынічаць толькі сэрцы, якія б’юцца любоўю і каханнем.

Чаму ж сёння беларусы сплёўваюць сваю родную мову з рота як лішнюю сліну?.. Не любяць.

А можа, пытанне ў іншым? Навошта Госпад даў краіне на скрываўленым скрыжаванні мову настолькі празрыстую, пяшчотную, мілагучную? Навошта не рэзкую, гартанную, цвёрдую, каб з металам у канчатках, з прысмакам жоўці — а вось такую, дазвання сціплую, поўную ласкі, мяккую настолькі, што мяккі знак робіцца знакам яе якасці?..

Беларуская — мова сэрца Еўропы.

Скрышталізаваная хрысціянскім сярэднявеччам, яна загучала, калі мы яшчэ былі вольныя, у эпоху вялікага еўрапейскага абуджэння. Мова першадрукароў Бібліі ва Усходняй Еўропе, мова евангельскіх місіянераў у Расіі, Прыбалтыцы, Украіне, Польшчы, афіцыйная мова цывілізацыі ВКЛ, сродак паразумення і дыпламатычных дачыненняў ад Кракава да Масквы, ад Валахіі да Інфлянтаў…

Толькі мове любові, найчысцейшай са славянскіх, было пад сілу сплавіць праваслаўе, каталіцтва, пратэстанцтва ў адным народзе, дасягнуць адной паспяховай уніі за ўсю гісторыю чалавецтва, перажыць знішчальныя войны і нянавісць імперыяў — каб следам за Хрыстом раздаваць сябе, адрываючы па кавалках, суседзям. І гэта яна мігціць, пульсуе, пераліваецца і нават не патрабуе перакладу ў любові Міцкевіча, Сянкевіча, Манюшкі да Польшчы, Мсціслаўца ды Сматрыцкага — да Украіны, Дастаеўскага, Буніна, Глінкі да Расеі…

Далікатная, трапяткая, самаадданая да самазабыцця, яна спалучае шчымлівую яснасць і ласкавую сціпласць, пакутлівасць і ахвярнасць, еўрапейскую вытанчанасць і славянскую сілу.

У якой яшчэ мове так празрыста іграюць памяншальна-ласкальныя формы імёнаў — Кастусі, Міхасі, Андрусі, Марусі ды Алесі!.. У якой яшчэ мове так бруіць раскоша міленькіх да апошняй літаркі ўлюбёных суфіксаў, ад якіх уся гаворка прыпадабняецца да птушынага шчабятання?.. Унікальна поўнагалосая… Другая ў Еўропе пасля італійскай паводле спеўнасці… Мігціць, прасвечвае далёкая лёгкасць і амаль незямная светліня — ці то казачнай эльфійскай, ці то нябёснай анёльскай.

Беларуская мова спалучае ў сабе ўсё багацце пачуццяў, але любоў з іх найбольшая.

«Мова наша святая, бо яна нам ад Бога дадзеная» — патрыярх беларускага Адраджэння пацэліў у самую сутнасць.

Сувязь паміж асабістай святасцю, нацыянальнай свядомасцю і роднай мовай у Беларусі наўпроставая.
Сённяшнія беларусы, перасавецкія, бледнарускія, недапалякі, з падазрэннем на лёгкую габрэйскасць, напаўразваранымі вываленыя з плавільнага катла імперыі ў калгасную дыктатуру, аглушаныя глабалізацыяй, абязбожаныя — ды куды там, пакуль проста не ў стане адчуць сябе носьбітамі найчысцейшага цуду Слова.

Як у роце, запоўненым бырлам, матам, ванітамі, сярод адрыжак спажывецтва і вострай злосці, дзе варочаецца барвовы, разбухлы ад сварак і пустаслоўя язык, выжыве пяшчотная, сатканая з дыханняў, адценняў і гармоніяў, натхнёная евангельскім зместам мова любові?

Беларускасць (і ўвогуле сэнс існавання 10-мільённага народа ў глыбіні Еўропы) можа ўратаваць толькі ўсенароднае пакаянне, скразная евангелізацыя, нацыянальнае абуджэнне перад Богам. І вырашальны, пераломны момант беларусізацыі — усведамленне каштоўнасці мовы Царквою. Касцёл дальнабачны. Касцёл гэтае пытанне ўжо вырашыў. Калі заўважная доля праваслаўных і пратэстанцкіх супольнасцяў прыме беларускую як код хрысціянскай ментальнасці, як уласную спадчыну, як мову веры і мову любові — Адраджэнне ўспыхне з небывалай сілай.

«Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (І Яна 4:16).

Беларусь, пакліканая быць сэрцам Еўропы, не можа размаўляць інакш, чым па-беларуску — а ў адваротным выпадку сэрца сцінаецца, захлынаецца і выклікае інфаркты на Захадзе ды ў Расеі.

Беларуская непазбежна будзе моваю нашага вяртання прытомнасці, моваю пераменаў — бо толькі найвышэйшай любові пад сілу адолець паміранне грамадства, гвалт тыраніі і зло імперыі.

Беларускай наканавана крышталізаваць нацыянальную ідэю сутнасна хрысціянскай — толькі тады мы адкрыем гэтую краіну Таму, Хто любіць нас мацней за нас саміх.

Бо што значыць стаць беларусам?

Гэта значыць аднойчы паверыць, што за кожнага з нас і за ўвесь народ аддала сябе на пакуты і смерць дасканалая, найчысцейшая, святая Любоў, якая ўцелавілася ў Слове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?