27 студзеня, а 15-й гадзіне ў Доме настаўніка (вул. Вільняус, 39, Вільнюс, Літоўская Рэспубліка) у рамках Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы адбудзецца адкрыццё прысвечанай 100-годдзю першай пастаноўкі камедыі «Паўлінка» ў Вільні выставы «Не загаснуць зоркі ў небе» з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Выстава Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Не загаснуць зоркі ў небе» — літаратурна-дакументальная, мастацкая — прысвечана Віленскаму перыяду жыцця і творчасці беларускага Песняра і Сярод мноства каштоўных артэфактаў у зборы музея захоўваюцца памяткі надзвычай плённых у жыцці і творчасці Янкі Купалы віленскіх гадоў. Найперш гэта аўтографы вершаў, напісаных у Вільні, асобнікі «Нашай Нівы», кнігі і календары, да выдання якіх спрычыніўся паэт. Моманты сяброўскіх і творчых сустрэч Янкі Купалы з выдатнымі асобамі беларускага і літоўскага нацыянальнага руху таго часу адлюстроўваюць дакументы, успаміны і мастацкія творы. Асабістыя знаёмствы сталі падмуркам беларуска-літоўскіх літаратурных і культурных сувязяў наступных пакаленняў, паглыбленню якіх спрыяюць пераклады твораў Янкі Купалы, зробленыя літоўскімі паэтамі.

Асобнае месца ў выстаўцы займаюць матэрыялы, прысвечаныя гісторыі стварэння і пастаноўкам камедыі «Паўлінка» на розных сцэнічных пляцоўках. Менавіта ў Вільні 27 студзеня 1913 года ў клубе «Сокал» па вул. Віленская, 10 адбылася першая пастаноўка п’есы, музыку да якой напісаў літоўскі кампазітар Стасіс Шымкус. «Паўлінка» ўвайшла ў залаты фонд беларускай драматургіі, стаўшы яе класікай.

Матэрыялы адлюстроўваюць доўгае сцэнічнае жыццё «Паўлінкі» на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

На выставе экспануюцца рукапісы Янкі Купалы, друкаваныя выданні п’есы, у тым ліку і на літоўскай мове, калекцыі фатаграфій сцэн са спектакляў, праграмы пастановак з аўтографамі артыстаў, запрашэнні, буклеты, тэатральныя афішы розных гадоў.

Упрыгожваюць выставу «Не загаснуць зоркі ў небе» эскізы сцэнічных касцюмаў да камедыі «Паўлінка» ў пастаноўцы БДТ-1 (1920–1940-я гг.) тэатральнага мастака Аскара Марыкса — заснавальніка беларускай сцэнаграфіі.

Выстаўва знаёміць з гісторыяй літаратурнага і сцэнічнага жыцця камедыі Янкі Купалы «Паўлінка» ў цэлае стагоддзе і дазваляе адчуць, што арыгінальная па задуме і ўвасабленні купалаўская п’еса — крыніца натхнення не аднаго пакалення драматургаў, рэжысёраў, акцёраў, асалода для шматлікіх гледачоў, прыхільнікаў таленту вялікага Песняра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?