У Магілёве прычынай пашкоджання водаправода стала памылка ў праектнай дакументацыі пры будаўніцтве новага дома. Труба з халоднай вадой аказалася пракладзена не там, дзе было патрэбна згодна са схемай камунікацый,
заявіў Канстанцін Кожыч, дырэктар ТАА «Домабудаванне», якое выступае забудоўшчыкам новага жылога дома.

Нагадаем, 15 студзеня каля 15.00 на месцы будаўніцтва жылога дома ў мікрараёне Юбілейны здарылася аварыя — прарвала трубу з халоднай вадой. За пару гадзін увесь катлаван прыблізна 17 на 17 метраў і глыбінёй больш як 2 метры быў запоўнены вадой.

Згодна з дакументам, зацверджаным у тым ліку прадпрыемствам «Гарводаканал», трубы з халоднай вадой у гэтым месцы не павінна было быць, таму экскаватаршчык спакойна працаваў, растлумачыў Кожыч. Труба была пашкоджана, калі экскаватар капаў катлаван.

«Я ўбачыла з акна вялікі слуп вады. Спачатку падумала, што гэта пыл ці снег»,
— распавяла адна з жыхарак прылеглых да будаўніцтва дамоў, якая стала сведкай пачатку аварыі.

На працягу ночы машына МНС адпампоўвала ваду з катлавана ў ліўневую каналізацыю. Сёння раніцай вада была цалкам адпампаваная.

Значных перапынкаў у падачы вады ў бліжэйшыя дамы не было.
\

Мясцовыя жыхары выступаюць супраць будаўніцтва новага жылога дома, пад узвядзенне якога быў высечаны сквер. Тут размешчаны жылы масіў са старой забудовай, пераважна хрушчоўкі.

Аварыя стала чарговым штуршком да выказвання незадаволенасці мясцовых жыхароў будаўніцтвам шматпавярхоўкі. «Колькі гэта будзе цягнуцца? На працягу двух месяцаў вядзецца вайна. Ні адзін начальнік, ні мэр, ніхто нас не хоча слухаць. Мы гэта так не пакінем, будзем звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта», — заявіла адна з жыхарак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?