Зарплату настаўнікам будуць павялічваць за кошт аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі.
Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч, каментуючы заяву кіраўніка дзяржавы аб павышэнні зарплаты настаўнікам, якая прагучала на прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ.

«Прынята рашэнне вызначыць аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі. Сродкі, якія вызваляцца ў яе выніку, будуць накіраваныя толькі на зарплату настаўнікам », -- сказаў Сяргей Маскевіч.

Міністр адукацыі дадаў, што аптымізацыю трэба правесці на працягу года.

У 2012 годзе ў Беларусі ўжо скарацілася значная колькасць малакамплектных школ, сёлета працэс будзе працягнуты. «Прызнаем немэтазгодным захоўваць вячэрнія школы, потым вучэбна-вытворчыя камбінаты», -- заявіў міністр. Паводле яго слоў, неабходна таксама вырашыць праблему з напаўняльнасцю класаў.

У Беларусі на патрэбы сістэмы адукацыі накіроўваецца 6% валавога ўнутранага прадукту,
праінфармаваў Сяргей Маскевіч.
«Гэта значная лічба, павялічваць яе не ўяўляецца магчымым. Таму пытанне павелічэння зарплаты педагогам будзе вырашацца паралельна з аптымізацыяй выдаткаў бюджэту на адукацыю », --
растлумачыў міністр.

Канкрэтныя лічбы будуць агучаны ў лютым на калегіі Міністэрства адукацыі, сказаў Сяргей Маскевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?