13 гадоў таму адбылася першая інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі. Потым цырымоніі паўторацца ў 2001-м і 2006-м. Будзе мяняцца антураж, але не фігура трыюмфатара.

Ён сапраўды трыюмфальна перамог Кебіча, паабяцаўшы зьвесьці пад корань карупцыю старой намэнклятуры. За 13 гадоў паўсюдна і шматкроць ператрэсеныя кадры. Але, як вынікае з выступу Лукашэнкі на ўчорашняй нарадзе ў КГБ, карупцыя квітнее і ў ведамстве жалезнага Фэлікса! Прычым нават "у міліцыі ў нас гэты працэс у меншай ступені разьвіваецца, чым у КГБ". Во які параўнальны аналіз даводзіцца рабіць пасьля 13 гадоў бязьлітаснага змаганьня з той гідрай!

Хоць у блін разьбіся, а карупцыя ўсё адно будзе квітнець там, дзе няма празрыстасьці ўлады, нармалёвых рынкавых правілаў. Беларускі парадокс: рынку няма, а бізнэс ёсьць. Сакрэт просты: ён выжывае праз "крышаваньне" (так ніхто і не прапанаваў адэкватны пераклад гэтай слэнгавай пачвары:)

Згадка ж пра электаральны сюжэт 1994 году зноў прымушае задаць балючае пытаньне: ці была фатальнай параза нацдэмаў? Ці быў бы шанец, каб нейкім цудам паразумеліся тады Пазьняк з Шушкевічам?

Увогуле ж варта прызнаць: дэмакраты пачатку 90-х былі дылетантамі ў палітыцы (адчуваю, як зараз уздымецца на дыбкі хто-кольвек са старых змагароў!:) Іх электаральныя кампаніі ўлетку 1994-га ладзіліся даволі няўклюдна, без належнага ўліку паліттэхналёгіяў. Я ўжо згадваў, як давялося дыскутаваць тады з прадстаўнікамі каманды Шушкевіча, даводзячы, што ягоную перадвыбарчую праграму варта падаваць болей папулярна, бо напісаныя прафэсурай макраэканамічныя тэзы народ не праглыне.

Канешне, нават самы ўдалы стыль праграмы не зрабіў бы цуду. Праблема была ў мэнтальным стане электарату. Ён аказаўся не сасьпелым для вытанчаных праектаў. Ён прагнуў вяртаньня ў сьветлую мінуўшчыну, прычым не часоў ВКЛ, а саўковага пэрыяду. У сытуацыі бязладзьдзя пасьля развалу сацыялістычнай імпэрыі народ павёўся на папулісцкую прынаду.

Аўтар камэнтару ў "Салідарнасьці" слушна зазначае, што сягоньняшняя сытуацыя выглядае надта падобнай. Беларускі рымэйк савецкай сыстэмы зараз можа распаўзьціся па швох, а між тым назіраецца "тая ж аморфнасьць элітаў ды грамадзтва. Зноў жа адсутнасьць якойсьці выразнай альтэрнатыўнай праграмы дзеяньняў".

Сапраўды, ілюзія лёгкіх рашэньняў можа быць небясьпечнай. Некалі падчас перабудовы дэмакратам здавалася: абы толькі скасаваць 6-ы артыкул пра кіроўную ролю КПСС — і настане зямны рай. У 1994-м многія галасавалі супраць застойнай улады Кебіча, а хто-кольвек разглядаў кандыдата Лукашэнку як тэрмінатара, чыя місія — адно што пракласьці шлях да ўлады маладым прагрэсіўным інтэлектуалам… Сёньня многім здаецца, што сканчэньне ў той ці іншай форме эры першага прэзыдэнта аўтаматычна вырашыць праблему гістарычнага выбару і ўпэўненага разьвіцьця Беларусі. Але гэта зноў можа стацца горкай ілюзіяй. Празь нейкі час мы зноўку ўпрэмся ў тое, што вялікія навукоўцы называюць пунктам біфуркацыі:) І лепей ўжо сёньня глядзець далей носа.

ЗЫ. Пры ўсім пры тым нельга казаць адно што пра "вырваныя гады". За гэтыя 13 гадоў у беларускім соцыюме адбыліся цікавыя зрухі. Важна іх асэнсаваць і зрабіць правільныя высновы. У прыватнасьці паліттэхналягічнага кшталту. Зрэшты, гэта асобная тэма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?