18 ліпеня стала вядома пра тое, што Кіраўніцтва польскага нацыянальнага тэлеканалу афіцыйна зацьвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы канал для Беларусі — «Белсат». Мяркуецца, што «Белсат» будзе выходзіць 16 гадзін у суткі на беларускай мове.

На думку аднаго з кіраўнікоў зарэгістраванага ў Літве беларускага Незалежнага інстытуту сацыяльна‑эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) Аляксандра Саснова, апошнія сацапытаньні паказваюць, што ў Беларусі ёсьць попыт на альтэрнатыўную інфармацыю. Пра гэта, напрыклад, сьведчыць папулярнасьць расейскай службы тэлеканалу «Эўраньюз», які рэгулярна глядзяць да 17 адсоткаў беларусаў.

Праграмы польскага тэлебачаньня карыстаюцца папулярнасьцю ў 8 адсоткаў апытаных.

«Таму можна меркаваць, што з улікам таго, што гэта пакуль не раскручаны канал, яго будуць глядзець 5—7 адсоткаў насельніцтва», — мяркуе Сасноў.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што аб’ём аўдыторыі будзе наўпрост залежыць ад таго, якую інфармацыйную палітыку зьбіраецца праводзіць кіраўніцтва «Белсату». Калі гэта будзе інфармацыйнае вяшчаньне на ўзор «Эўраньюз», то папулярнасьць каналу будзе расьці, а калі ён застанецца на ўзроўні «культуралягічнага каналу для прасунутых беларусаў», то рэйтынгу больш за 7 адсоткаў «Белсату» дасягнуць наўрадці ўдасца.

«Паўплываць на сьвядомасьць той часткі насельніцтва, якая падтрымлівае Лукашэнку, можна будзе толькі ў тым выпадку, калі яна адчуе якую‑небудзь пагрозу для сябе. Так, напрыклад, калі ў пачатку году падчас нафтагазавага канфлікту з Расеяй. Тады вельмі многія прыхільнікі прэзыдэнта сталі шукаць інфармацыю менавіта зь незалежнай прэсы, бо дзяржаўныя СМІ не давалі поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі. Рэйтынг незалежных СМІ ў гэтыя месяцы істотна ўзрос. Такая сытуацыя можа быць і зь «Белсатам», мяркуе адзін кіраўнікоў НІСЭПД.

Белорусский партизан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0