24 студзеня, а 17-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Сустрэчы з Гофманам» у рамках Міжнароднага выставачнага праекта «Гафманіяна», што аб’яднаў 3 музеі: Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Упершыню Гофман «з’явіўся» ў Калінінградскім абласным гісторыка-мастацкім музеі ў 2006 годзе ў якасці «цудоўнага пісьменніка, музыкі, мастака»: выстаўка з фондаў Гофман-цэнтра г. Бамберга прадставіла наведвальнікам шэраг сапраўдных дакументаў пра жыццё і творчасць дзеяча. І вось ужо на працягу 7 гадоў праект яднае аматараў творчасці Эрнста Тэадора Вільгельма Гофмана. У выстаўках прынялі ўдзел больш за 90 мастакоў, каля 1000 работ жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, інсталяцый, аўтарскіх лялек адлюстроўвалі пераборлівую, мудрагелістую натуру Фантазуса, галоўнага героя твораў пісьменніка. Выставачны праект дапамог адкрыць новыя імёны таленавітых аўтараў. Сотні наведвальнікаў музея звярнуліся да кніг Гофмана. А чытаюць яго тыя, хто хоча ведаць праўду аб уласнай прыродзе і імкнецца да дасканаласці!

Многія з нецярплівасцю чакаюць студзеня — па традыцыі выстаўкі, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменніка, адкрываюцца менавіта ў дзень яго нараджэння — 24 студзеня.

У гэтым годзе доўгачаканую магчымасць праз унікальныя экспанаты апынуцца ў свеце чараўніка Гофмана, спыніць час і пачуць голас пісьменніка падорыць сваім наведвальнікам Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?