Нас пазнаёмілі ў музэі, амаль у дзьвярах, калі я вярталася з выставы габэленаў. Там павінна была быць і мая праца, але... Пэўна, спадзеючыся на тое, што я амаль не тусуюся, запрасілі наведацца дзеля адчэпнага і забыліся. Прастаяўшы на выставе ў «запечку», я была ў такім стане, нібы ты запрошаны да ўрачыстага стала, а прыбора табе не паставілі.

Вядома, не да знаёмства, хай сабе гэта будзе і ангельская каралева.

– Ірына Жарнасек, пісьменьніца... – І, пабыўшы, нехта дабавіў: – У яе сын сьвятар...

Спыняюся, узрушанасьць на мяжы раптоўнага аплучэньня. Ёсьць месцы на зямлі, куткі, рэчы, дастаткова ўбачыць што-небудзь зблізку ці здалёк, да прыкладу, дом над вадаспадам у Пэнсыльваніі на фатаздымку, і ты ВЕДАЕШ, што гэта тваё мае быць, тваё асабістае жытло. Дастаткова пачуць, што ў Італіі працуе закон: пакінеш свайго сабаку ў машыне, не ўключыўшы яму вэнтылятар, атрымаеш штраф пяцьсот даляраў, – адчуваньне, што гэта твае землякі, і нават болей.

І ёсьць сустрэчы.

І тады на выставе – амаль момант яснабачаньня. Я разьміналася ў дзьвярах са сваім лёсам: у мяне павінен быў быць сын сьвятар, менавіта сьвятар, хаця ніколі дагэтуль пра тое ня думалася.

Тады і назаўсёды я пакідала выставу... цяжарнай, цяжарнай адкрыцьцём, суцешаная, быццам пазбавілася звыклага пачуцьця няспэўненага ў жыцьці.

Цяпер, ужо седзячы ў іншай залі, я разглядала пісьменьніцу, пэўна, пільней за іншых. Ішла першая прэзэнтацыя ейнага раману пра трагічны лёс росіцкіх сьвятароў-марыянаў: у вайну яны мелі шанец уратавацца ад агню, але ахвярна прынялі сьмерць разам з тысячай сваіх парафіянаў.

Яна стаяла перад заляй, хвіліну маўчала, пераводзячы дух, бы вось нарэшце тут, у залі, толькі і спынілася. Нарэшце-такі во дасталася да сталіцы з Наваполацку. Мне выдавалася, ішла пехатой, напрасткі па бязьлюдных дарогах, мясьцінах, не просячыся ўнаначкі, сьпяшалася – несла сваю навіну. Засівераны твар, засівераныя валасы, на ёй несучасныя строі, сьпехам ускінутыя на плечы, быццам і пераапраналася недзе перад Менскам, цнатліва захінуўшыся. Гаварыла ціха, просьценька, нязвыкла да выступаў, пра тое, як гадамі зьбірала матэрыял, выяжджала, хадзіла па вёсках, сустракалася са сьведкамі, якім удалося ўратавацца ад вялікага вогнішча.

Гарэлі сьвечкі каля партрэтаў росіцкіх пакутнікаў. Амаль шэптам чытаў маладзенькі дыякан урыўкі з раману, нязмушана, без муштроўкі рэпэтыцый, вядома, бы дзеля сябе самога чыталася ўслых, спрабуючы лепей учытацца і зразумець. Гукі павольнай музыкі, ледзь чутна, то бліжэй, то далей, бы чыесьці крокі, крокі таго, хто здымаў агаркі са сьвечак, падаваў на стол шклянку вады і сядаў на аслабанёнае крэсла каля мяне – не дачакаўшыся звыклага «відовішча», мая сяброўка пакінула залю. Выйшаў і знаёмы літаратурны крытык.

Вядома, гэта была літаратура не са знакам ПОСТ, што звычайна азначае «пасьля Бога і пасьля чалавека».

Асабісты, жывы голас хутчэй гучыць традыцыйна ў цяперашнім сьвеце.

Вядома, эфэкту не было, хаця пісьменьніца момантам намагалася натурыцца на гэта. І я сама, цураючыся рэлігійнага патасу, заставалася сядзець у залі дзеля павагі да тэмы вечара, ня болей.

Але калі потым сталі гаварыць маладыя сьвятары, дыяканы Ордэну марыянаў... Адзін, другі, трэці... Яны выходзілі, зьяўляючыся, як зь нябыту – адразу і не заўважыш, што яны побач з табой, бо ў цывільным, пазнаеш, убачыўшы белую каляратку пад чорным каўняром. Іх было шмат, як на невядомым дагэтуль нікому гадавым сьвяце. Пасьля сваёй прамовы кожны падыходзіў да пісьменьніцы, віншаваў. Яна шырока заводзіла руку, заламаўшы ў локці, моцна абдымала за шыю, быццам толькі тут нарэшце яны, ідучы кожны сваім шляхам, і сустрэліся, доўга ня бачыўшыся. Доўга, празорліва глядзела ў твар, намагаючыся ўбачыць у кожным ахвярнасьць тых, пра каго апавядала ў рамане. Заводзіла руку, у гэтым руху было столькі звыклай жаночай адкрытасьці і той жа таямніцы, нібы віталася з кожным не прылюдна, а на парозе свайго дому, на парозе сваёй вядомасьці. Іх аб’ядноўвала нешта пераможнае над усім: гадамі пошукі сьведкаў, пошукі грошай на выданьне твору, пошукі аднадумцаў, ахвярнасьць дзеля справы сямейным спакоем і дабрабытам.

Цяпер яна ўжо абдымала ўсю залю, валодала мною. Сыпаліся на падлогу нашыя завушніцы і бранзалеты, бляклі фарбы на вуснах, румяны, бляклі дубальтовыя строі, абы хоць на момант адчуеш побач зь ёй сваю належнасьць да жаночай прыроды, да прыроды існасьці.

Потым гэтай жа рукой яна, як міністрант або званар, будзе ціха разгойдваць звон у іншых касьцёлах, аб чым прасіў перад сьмерцю адзін з росіцкіх ксяндзоў: «...пазвані па нас, звон, пазвані, раскажы сьвету, як мы... каналі ў агні».

Столь казённага памяшканьня расхінулася, вялікая жырандоля – копішчам зорак...

– Ну і як табе гэтае мерапрыемства? – запыталася на выхадзе адна знаёмая.

Мерапрыемства?! Я маўчала... я ішла... з набажэнства.

Увесь час жыву сьпяшаючыся, таропка, і ў той жа час незадаволенасьць, што ўпускаю раніцу, дзень, вечар, упускаю жыцьцё: згубы, здрады, пачуцьці нязбыўнага, і той жа мой нядаўні «запечак» на выставе габэленаў. Цяпер мяне агортвала ціша спакою. Сьціх вецер, дрэвы запаволілі свой гонкі рост, час запыніўся – усё навакольле падбірала хаду пад мае няроўныя, блытаныя крокі. Усё, з чым прыйшла, мяне нарэшце быццам выслухалі тутака, у зале – з Богам лёгка, ня трэба намагацца, даказваць, каб цябе зразумелі.

І няма быццам большага за шчымлівае жаданьне, як, ускінуўшы на плечы нешта правінцыйна-цнатлівае, саскочыць з ровару і спыніцца ў Дубраве пад Менскам, напроці магілкі забітага немцамі сьвятара (як тое дзяўчо перад нашай машынай – мы прыяжджалі туды наведаць разбураны часам касьцёл), перахрысьціцца, прывітаўшыся, як яна, і далей, па вёсцы. Магілка надзіва прыбрана, дагледжана, бы сьвежая – заўсёды на памяці вяскоўцаў.

А што сын-сьвятар? Магчыма, ім стане мой хросьнік... Вельмі ўжо дасканалае дзіця трымала я перад хрысьцільняй у Чырвоным касьцёле, бы пераняла яго пацешыцца, забавіць з рук самой Дзевы Марыі, каб даць Ёй крыху аддухі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0