Пётр Пракаповіч прызначаны віцэ-прэм’ерам. На яго ўскладзена «адказнасць за забеспячэнне выканання важнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, выканання рэспубліканскага бюджэту і ажыццяўлення мерапрыемстваў па мадэрнізацыі беларускай эканомікі».

«Наша Ніва» ўзгадвае пяць фактаў пра легендарнага Пятра Пятровіча.

1. «Дэвальвацыі не будзе»

Многія думаюць, што ў гэтага чалавека парык. Але ж гэта прычоска.

Многія думаюць, што Пракаповіч — увасабленне гопніка ва ўладзе. Але ж сустракаюць па адзежцы, а праважаюць по розуме.

Многія думаюць, што Пятро Пятровіч… ммм… Сяргей Навумчук назваў яго «дэбілам», «бо іх інтэлектуальны ўзровень проста не пакідае вам шанцаў на гутарку». Аднак гэтая характарыстыка хутчэй сведчыць пра Навумчыкава ўяўленне, што такое «розум». Але ж Пракаповіч 13 гадоў узначальваў Нацыянальны банк і заслужыў рэпутацыю памяркоўнага рыначніка.

Многія думаюць, што ў дэвальвацыі і бясконцай інфляцыі вінаваты Пракаповіч. Але ж рашэнне, колькі грошай друкаваць, прымае ў гэтай сістэме не Пракаповіч.
Пракаповіч заўжды быў выканаўцам, і цяпер яго зноў паслалі на пасаду ў найвышэйшы выканаўчы орган.

Зрэшты, за пчолкаю — у мёд, за жуком — у гной… Прозвішча Пракаповіча ў народнай памяці застанецца дзякуючы ягонаму гучнаму невыкананаму абяцанню.

«Пакуль я з’яўляюцца старшынём Нацбанка, дэвальвацыі больш за 5% не будзе», — кляўся ён у сакавіку 2011 года. Ужо праз два месяцы беларускі рубель абваліўся на 54%. І гэта быў толькі пачатак.

У самога ж Пракаповіча пачаліся праблемы са здароўем. Аперацыя на сэрцы, доўгая рэабілітацыя… — грамадскасць была перакананая, што ва ўладу Пракаповіч ужо не вернецца. Не маючы пасады, ён раз’язджаў па Брэстчыне поруч з губернатарам.

На паверхню Пракаповіч зноў усплыў у жніўні 2012, калі стаў дарадцам Лукашэнкі па эканамічных пытаннях, а пасля і старшынём Рады па развіцця прадпрымальніцтва.

2. Папаўся, жучку ў панскую ручку

Пракаповіч атрымаў будаўнічую адукацыю ў Днепрапятроўску. Хлопцы з ягонага пакалення з Берасцейшчыны часта вучыліся ва Украіне, з Брэста ў Кіеў хадзіў штодзённы цягнік.

Развал Савецкага Саюза ён сустрэў кіраўніком «Брэстаблсельбуда», арганізацыі, якая будавала кароўнікі ва ўсёй вобласці.
Адзін ягоны блізкі калега на наша пытанне «ну і якім быў Пятро Пракаповіч?» адказаў адным словам: «Жук!»

Адтуль ён пайшоў дэпутатам у Вярхоўны Савет, дзе не ўваходзіў у групу цвердалобых камуняк, але трымаўся пазіцыі наменклатуры. З Лукашэнкам сябраваў. І ў 1996 яго прызначылі намеснікам старшыні Адміністрацыі прэзідэнта, а пасля і першым віцэ-прэм’ерам.

У Нацбанк ён прыйшоў у 1998 годзе. Па ўспамінах ягоных калег, Пракаповіч даволі хутка пачаў асвойвацца ў банкаўскай справе, аднак сістэмнасці ягоным ведам бракавала. Зрэшты,

Нацбанк пры Пракаповічу так і не стаў самастойнай структурай, ён проста быў у падначаленні ў прэзідэнцкай адміністрацыі.
Казалі, што погляды ў старшыні былі даволі-такі рынкавымі, аднак хацелі, як лепш, а выйшла, як заўсёды.

За сваю банкаўскую працу Пракаповіч нават атрымаў статус «Героя Беларусі». Пасля дэвальвацыі рубля, праз якую беларусы згубілі больш за мільярд даляраў ашчаджэнняў, гордага звання ён так і не адрокся.

3. Сын кааператара. З Казлоў

Пятро нарадзіўся на Пружаншчыне, у вёсцы Казлы, аднак усё дзяцінства правёў у Тамашоўцы. Цяпер гэта ўзорны аграгарадок пад Брэстам, літаральна за 100 метраў ад мяжы з Украінай.

Сваім бязбедным жыццём Тамашоўка абавязаная перадусім касманаўту Пятру Клімуку, аднакласніку Пракаповіча.
У савецкія часы тут стварылі музей касманаўтыкі, які быў уключаны ва ўсесаюзны турыстычны маршрут. Гэта абавязвала Тамашоўку быць дагледжанай.

Другое дыханне вёска атрымала дзякуючы Пракаповічу. Брукаваныя дробнай пліткай тратуары, школа будучыні з зімовым садам, два дзіцячыя садкі, трохпавярховы аздараўленчы цэнтр з тэніснымі кортамі… Усё гэта з’явілася дзякуючы апякунству Нацбанка. Дзякуючы фінансавым укладаннем, Тамашоўка ажыла. У адрозненне ад большасці іншых населеных пунктаў, у ёй нават фіксуецца прырост насельніцтва.

Бацька Пракаповічаў працаваў у спажывецкай кааперацыі, а маці была хатняй гаспадыняй. Што такое кааперацыя ў савецкія часы? Адна з квазірынкавых сфераў.

Маці не працавала, бо сям’я ў іх была вялікая, як і шмат у каго ў тыя часы — чатыры сыны і дачка.

Пятро быў старшым. Ягоныя браты працуюць адзін ляснічым, другі ў транспартнай галіне. У кіраўнікі пайшоў яшчэ адзін брат, Васіль. Ён ад пачатку 1990-ых узначальваў мясцовы калгас, які валодае тамашоўскімі гатэлем і рэстаранам. А вось сястра раней працавала галоўным бухгалтарам «Мінскпраекта».

У самога Пятра сям’я меншая. Паводле апошніх звестак,

ён жыве ў катэджы ў Драздах разам з жонкай, мае дачку, сына і ўнукаў.

4. Імя агульнае

У гісторыю беларускага інтэрнэту Пётр Пракаповіч трапіць дзякуючы сайту «Пракапові.Ч», на якім падчас валютнага крызісу 2011 года вызначаўся курс даляра. Дзякуючы гэтай старонцы, тысячы беларусаў набывалі і прадавалі валюту па рынкавым, а не прызначаным курсе. Калі даляры і еўра нарэшце з’явіліся ў абменніках, патрэба ў гэтым інтэрнэт-сервісе знікла. Аднак стваральнікі сайта свайго «Пракапові.Ч’а» на ўсялякі выпадак не выдаляюць.

5. Аўтограф

Калі мы пабачым аўтограф Пятра Пракаповіча, пакінуты ім у кнізе запісаў Ружанскага палаца (глядзіце ў фотах), перад намі паўстае чалавек з хуткім розумам, без завышанай самаацэнкі. Роўныя лініі радкоў паказваюць, што яго цяжка расстроіць дробнымі непрыемнасцямі ці заявамі іншых людзей. А апошнія літары словаў ды кропка ў канцы подпіса выдаюць крайне асцярожную натуру.

На пасаду віцэ-прэм’ера адказнага за фінансавую сферу прыйшоў далёка не рэвалюцыянер. Зрэшты, калі табе за 70 гадоў, а твайму працадаўцу 58 — да якіх тут рэвалюцый?

Гэта апошняе прызначэнне спадара Пракаповіча. Вяршыня жыцця. Пасада віцэ-прэм'ера, адказнага за скарачэнне дзяржаўных выдаткаў у год пікавых выплат па ранейшых крэдытах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?