Не паспела Польскае радыё выставіць свой матэрыял у сеціве, як тут жа газета «Наша Ніва» змясціла каментар на яго аднаго з невядомых мне навукоўцаў. Прычым мой матэрыял не быў пададзены цалкам. Скажаючы асноўны мой пасыл наконт таго, што беларусам належыць ушанаваць дзесяткі тысяч ахвяр паўстання 1863 года (палякаў, беларусаў, рускіх) і што на гэты конт у нас амаль нічога не зроблена, рэдакцыя «Нашай Нівы» разам з «рэцэнзентам» звялі размову да асобы Каліноўскага. Падмена паняццяў — вядомы прыём у логіцы. Такім чынам можна абліць брудам апанента, але пытанне застанецца: каму гэта выгадна? Ці нельга было задаць пытанні наконт інтэрв’ю Польскаму радыё, якое не гучала, непасрэдна мне, наладзіць са мною жывую дыскусію? Мажліва палякі проста ўчынілі правакацыю?

Ці ўдалося штатным ідэолагам адцягнуць увагу ад акрэсленай мною праблемы пакажа час.

Я ж стаю на тым, што паўстанне, узрушэнне стапяцідзесяцігадовай даўніны, ахвяры таго часу заслугоўваюць шырокага і годнага ўшанавання.

Віктар Хурсік

Ад Рэдакцыі: Пытанне пра неабходнасць ушанаваць усіх ахвяраў і герояў паўстання 1863–64 г. не выклікае ніякіх пярэчанняў. Таму і не перадрукоўвалі прысвечаную яму частку гутаркі. А вось погляды В.Хурсіка на Каліноўскага падаліся нам вартымі дыскусіі. Тым больш, яны былі акцэнтаваныя загалоўкам артыкула: «Каліноўскі не змагаўся за Беларусь і ніякі ён не нацыянальны герой».

Для тых, хто хацеў цалкам азнаёміцца з інтэрв’ю В.Хурсіка Польскаму радыё, у матэрыяле НН была змешчаная гіперспасылка на яго.

Абвінавачанні з выкарыстаннем выразаў «падмена паняццяў», «абліць брудам», «штатныя ідэолагі» лічым аратарскім прыёмам: узмацненнем голасу пры недахопе карэктных аргументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0