У Беларусі ніколі нічога ня будзе.

Прынамсі, у гуманітарнай навуцы.

Прынамсі, у эміграцыязнаўстве.

Ня будзе да тых часоў, пакуль тыя, што пішуць на гэтую тэму, не пачнуць чытаць самую літаратуру эміграцыі, вывучаць першакрыніцы, знаёміцца з досьледамі калегаў.

А проці ганеньня кажу:
Хваробу лечаць і атрутамі.
Максім Багдановіч

Прыкладаў бездапаможнасьці, няведаньня фактаў і рэалій, нежаданьня думаць і ведаць — безьліч. Але яшчэ болей падзіўляе лянотнасьць у пошуках наробленага іншымі, калі прасьцей узяць з паліцы састарэлую —састарэлую хоць бы ў фактах, не гаворачы ўжо пра іншыя аспэкты — кнігу Барыса Сачанкі «Сьняцца сны аб Беларусі» (1990), як пацікавіцца апошнім па часе даробкам дасьледчыкаў.

Тады‑б не пераходзіла з артыкулу ў артыкул паведамленьне, што сапраўднае імя Юркі ВіцьбічаГеоргій Шчарбакоў. Каб скончыць гэтую тэму, зацытуйма ягоны ліст да Антона Адамовіча (01.10.1961):

«Дарагі Сябру! […] Вельмі ўдзячны за Вашую згоду зацьвердзіць, калі ў гэтым зойдзе патрэба, што я запраўды «Серафим Щербаков» (няўжо гэта я)?» (Архіў БІНІМ).

Тады б на старонках беластоцкага часапісу «Тэрмапілы» ў анатацыі на зборнік Юрыя Весялкоўскага «Дух часу» (2005) не пісалася, што

«Асеўшы ў Лондане, Весялкоўскі не прымкнуў да ніводнай эміграцыйнай арганізацыі беларусаў на Захадзе, захаваў за сабою права на свабоду дзеяння і аўтаномію ацэнак таго перш за ўсё, што рабілася на яго вачах. І гэта дало выдатны плён» («Тэрмапілы», № 10, с.226).

І ня толькі «прымкнуў», але быў нязьменным сакратаром адной з найактыўнейшых беларускіх арганізацый у Вялікай Брытаніі, выдаваў грамадзкі часапіс. Як было зазначана ў рэцэнзіі на гэтае выданьне ў «Запісах БІНІМ»,

«Непасрэдны ўдзельнік стварэньня тут першых беларускіх арганізацыяў: Згуртаваньня Беларусаў Вялікабрытаніі й Хрысьціянскага Аб’еднаньня Беларускіх Работнікаў, Юры Весялкоўскі распавядае пра раскол у беларускім эміграцыйным асяродзьдзі ў гэтай краіне, праблемы дзейнасьці ХАБРу, выдаваныя ім пэрыёдыкі. Сам заангажаваны ў разгляданыя падзеі, аўтар не заўсёды здольны быць аб’ектыўным, што тлумачыць відавочную эмацыйнасьць некаторых артыкулаў» («Запісы БІНІМ», №30, с. 354).

Тады‑б ў дакладзе на міжнароднай канфэрэнцыі ў Маскве нехта Г. Л. Нефагіна не агучвала: «Белорусская эмиграция началась ешё с конца XIX века. […] Первыми писателями, вынужденными покинуть белорусскую землю, были Алоиза Пашкевич (Тетка) и Франтишек Алешкевич.» (Московский Государственный Университет им. М.В.Ломоносова, Филологическиій факультет. Славянские литературы в контексте истории мировой литературы (преподавание, изучение). Информационные материалы и тезисы докладов международной конференции. Москва, 22‑23 октября 2002 года. Москва, 2002. с. 65).

Пасьля дзьвюх старонак, запоўненых шкалярскімі зьвесткамі, поўных недакладнасьцей ды агульных словаў, аўтарка заканчвае:

«Литература белорусской эмиграции ещё только начинает изучаться. Первый подход к этой огромной теме сделал Б. Саченко, польский ученый Ян Чиквин, самое глубокое исследование принадлежит белорусскому литературоведу А. Пашкевичу. Автор данных тезисов работала с материалами Лондонского центра Фр. Скорины, что позволило обобщить некоторые материалы» (тамсама, с. 67).

Зноў называецца старая кніга Б. Сачанкі, працы Я. Чыквіна — а гэта фактычна тры артыкулы (пра Н. Арсеньневу, М. Сяднёва і Я. Юхнаўца), выдрукаваныя ў ягонай кнізе «Далёкія і блізкія» (Беласток, 1997) і перадрукаваныя, з дапаўненьнямі ды пад другімі назовамі, у наступнай кнізе, «Па прызванні і абавязку» (Беласток, 2005). Трэцяй называецца праца Алеся Пашкевіча, якой ужо дадзена кампэтэнтная ацэнка ў беларускім друку (гл. «ARCHE», № 1, 2004) і да якой мы вернемся троху пазьней. Тут‑жа можна сказаць, што калі аўтарка й насамрэч карысталася зборамі Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане, гэта ёй нічым не дапамагло, i ейнае ўяўленьне пра літаратуру эміграцыі занадта павярхоўнае й прыблізнае, каб наважыцца нешта абагульняць.

Не пазьбеглі шаблённасьці, спрошчанасьці, а ў выніку прыблізнасьці й нават няпраўды, аўтары цікава задуманай кнігі «Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы» (Мінск, 2006):

«У эмігранцкай паэзіі пераважала пачуццё жорсткай, невылечнай настальгіі па радзіме, тужлівыя настроі і інтанацыі. [..] Эмігранцкая літаратура жывілася ідэямі свабоды і незалежнасці і вяла свой адлік ад дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Варта асобна адзначыць, што пісьменнікі‑эмігранты валодалі асноўнымі еўрапейскімі мовамі і друкаваліся ў перакладзе, але тварылі найперш на беларускай мове, выкарыстоўваючы «тарашкевіцу»». (с. 326).

У разьдзеле «Беларуская эміграцыя» — Вацлаў Ластоўскі, Ларыса Геніюш (чаму тады не залічаць да эмігрантаў памерлых ці загінулых на чужыне Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна? І калі рахаваць эмігрантам Франьцішка Аляхновіча — як наконт Янкі Купалы, што скончыў свой жыцьцёвы шлях у Маскве?), ды вылучаны яшчэ Б. Сачанкам першы шэраг, першы эшалён: Натальля Арсеньнева (не абыйшлося бяз згадкі пра сваяцтва зь М. Лермантавым. Дык вось жа, сваяцтва тое — прыдумка Ант. Адамовіча, пра што казалі й сама паэтка й Яніна Каханоўская), Масей Сяднёў, Алесь Салавей. Далучаны Янка Юхнавец — хочацца спадзявацца, не ў апошнюю чаргу дзякуючы «Запісам БІНІМ», якія апошнія гады плянамэрна выдрукоўваюць спадчыну гэтага ўнікальнага пісьменьніка. Здаецца, вось на творчасьці менавіта Юхнаўца аўтары маглі‑б дазволіць сабе выйсьці за межы тэмы невылечнай настальгіі, паказаць месца ягоных вершаў у сьвеце, аднак абмежаваліся адно перадрукам дзьвюх вершаў ды нават, у адрозьненьне ад папярэдніх гэрояў, абмінулі біяграфію Я. Юхнаўца.

А калі‑б аўтары кнігі нарысаў зірнулі шырэй за вылучанае Б. Сачанкам, яны‑б мо’ заўважылі й такога паэта як Уладзімер Дудзіцкі — з’яву неардынарную, магутную, не эпігонскую, з уласнай паэтыкаю, мэтафарычнасьцю, новую для беларускай паэзіі. Наколькі‑б элегантней тады вырашалася пастаўленая імі задача!

На жаль, нічога гэтага не адбылося, і атрымалася зноўку, што літаратура сьвету — гэта адное, а спадчына беларускае эміграцыі — зусім іншае, тужлівае. Папярэдні разьдзел, «Эмігранцкая літаратура», у якім збольшага разглядалася расейская літаратура, атрымаўся больш пераканаўчым, хоць незразумела, якою лёгікаю пэрсанальныя разьдзелы пачынаюцца А. Салжаніцыным, за якім ідзе Вайновіч, а пасьля іх — Набокаў. Да таго‑ж, паміж першымі двума ўбіўся Ф. Аляхновіч з кнігаю «Ў капцюрох ГПУ». Пазнака — «кніга падаецца ў аўтарскай рэдакцыі» (па‑сутнасьці, сьведчаньне, што ў кнігі ня было рэдактара) — вытлумачвае.

Зрэшты, аўтары «Беларускай літаратуры і свету» — дылетанты ў эміграцыйнай літаратуры, а вось калі падобна пішуць спэцыялісты або людзі, што лічаць сябе такімі…

Здавалася‑б, доктар філялёгіі з Польшчы Аляксандр Баршчэўскі мусіць выдатна пачувацца ў гэтай тэме. Але разгортваеш апошнюю кнігу прафэсара (Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Частка 1; Катэдра Беларускай Філялёгіі, Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт; Варшава 2004) і ў цябе адымае мову:

«Да такіх выдатных эміграцыязнаўчых кніг трэба залічыць, між іншым, наступныя:
— Б. Сачанка, Туга па Радзіме, Мінск 1992.
— Л. Геніюш, Споведзь, Мінск 1993.
— Беларускія пісьменнікі. Бібліяграфічны слоўнік, т. 1‑6, Мінск 1992‑1995.
— Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1‑6, Мінск 1993‑2003.
— Беларускія пісьменнікі. Даведнік, Мінск 1994. — Беларуская энцыклапедыя, т. 1‑18, Мінск 1996‑2004.
Асаблівай увагі заслугоўвае трохтомнае дасьледаваньне пад рэдакцыяй А. Сабалеўскага «Культура беларускага замежжа».
Нельга абыйсьці таксама каштоўнай чатырохтомнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя», падрыхтаванай і выдадзенай Нацыянальнай Акадэміяй Навук». (с 8).

У «эміграцыязнаўчыя» кнігі аўтар заносіць: анталёгію паэзіі, мэмуары, рэшта — даведнікі й энцыкляпэдыі, якія ствараліся ў час, калі або «яшчэ нельга», або «ўжо запозна». «Трохтамовае дасьледаваньне» — насамрэч зборнік артыкулаў у трох выпусках з рознажанравымі і рознаўзроўневымі артыкуламі. «Гісторыя беларускай літаратуры» патрабуе асобнай малапрыемнай размовы.

Др. Баршчэўскі тым часам піша далей:

«Выдатным наватарскім дасьледаваньнем у беларускім краёвым эміграцыязнаўстве трэба лічыць кнігу А. А. Пашкевіча, якая ў выніку наглага ўмяшальніцтва прасталінскіх вайскоўцаў ня толькі не прынесла аўтару навуковага посьпеху, але прычынілася да сілавога выключэньня яго з працы на Катэдры Гісторыі Беларускай Літаратуры ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце». (с. 9).

Моцна ня хочацца салідазыравацца з «прасталінскімі вайскоўцамі», хоць і кіруючыся зусім іншымі меркаваньнямі, але мушу прызнаць: сапраўды, узровень гэтай працы абсалютова ня доктарскі — хоць у беластоцкім варыяньце пад паэтычным назовам «Зваротныя дарогі», хоць у менскім — пад назовам навуковым «Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры замежжа ХХ стагоддзя». На жаль.

Неяк не прынята ў нас крытыкаваць сваіх: маўляў, і гэтак мала хто займаецца эміграцыяй, і так аўтарам дастаецца ад уладаў. Але заўважаеш, што пры адсутнасьці крытыкі некаторыя аўтары спакваля ад патасу й прафанацыі пераходзяць да элемэнтарнага плягіяту.

Зрэшты, найбольш падобная сытуацыя шкодзіць не аўтарам‑ахвярам плягіяту. Адсутнасьць крытыкі, як і прафанацыя ўжо немалога корпусу тэкстаў, шкодзіць самой тэме — эміграцыязнаўству, шкодзіць чытачам — як пералічана ў анатацыі да кнігі «Беларуская літаратура і свет», «старшакласнікам, настаўнікам, абітурыентам, студэнтам, выкладчыкам — усім, хто цікавіцца мастацкім словам, пытаннямі беларускай і сусветнай літаратуры і культуры».

Шкодзіць усім.

Лявон Юрэвіч, Нью-Ёрк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0