На гэтым тыдні ў Саюзе архітэктараў Беларусі адбылося грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі Гістарычнага цэнтра Мінска. Абмеркаванне атрымалася нечакана тлумным і было перанесена на 26 студзеня.

Між тым, падзея можа стаць лёсавызначальнай для нашай сталіцы. Менавіта на такіх абмеркаваннях, апроч абмену папрокамі, адбываецца і абмен ідэямі.

Сярод іншых ідэй — прапанова Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зарэзерваваць і пазначыць візуальна месцы, дзе былі колісь культавыя будынкі, знішчаныя ў розны час, але падмуркі якіх яшчэ зберагаюцца ў нетрах мінскай зямлі.
Спецыялістамі быў зроблены аналіз, распрацаваны гісторыка-архітэктурны апорны план на сучаснай геалагічнай падаснове, што дазволіла канчаткова вызначыць дакладнае месца размяшчэння вельмі цікавых аб’ектаў у цэнтры Мінска — падмуркі касцёлаў, цэркваў і сінагог. Гэтыя эскізныя прапановы былі перададзены Таварыствам аховы помнікаў у выканаўчыя органы, як чарговая прапанова да Праекта дэтальнага плана гістарычнага цэнтра Мінска. Прапаноўваецца пазначыць падмуркі колішніх святыняў на тэрыторыі горада сродкамі добраўпарадкавання месцаў размяшчэння некалькіх культавых будынкаў.
Сярод іншых і падмурак баніфрацкага касцёла Св. Яна Хрысціцеля.

Гэты храм знаходзіўся у XVIII -XIX стст. на Цёмных Крамах непадалёк ад Менскага Замчышча на рагу вуліцаў Зыбіцкай (Гандлёвай) і Казьмадзям’янаўскай, пазначаючы мяжу Нізкага рынку і Верхняга Горада.

Сёння рэшты гэтага храма і кляштара апынуліся пад праезнай часткаю перад мостам праз Свіслач у бок Траецкага прадмесця, проста насупраць прыпынка грамадскага транспарта.
    Кляштар баніфратаў быў заснаваны мінскім стольнікам і падстаростам Антоніем Тэадорам Ваньковічам, які ў 1700 г. ахвяраваў баніфратрам 10 тысяч злотых і вялікі пляц на Старым Рынку. У XVIII ст. мецэнатамі кляштара былі Марыяна Шышкава, Міхаіл Дэрмонта-Швіцкі, Станіслаў Ельскі, Скваркоўскія, Антоній Пшаздзецкі, Іосіф Статкевіч, Пётр Міцкевіч і іншыя. У 1763 г. дзякуючы мінскаму старосту Міхалу Валадковічу было закончана будаўніцтва ў стылі барока мураванага касцёла, што фасадам выходзіў на Ракаўскую. Ён быў багата аздоблены, меў шэсць разных драўляных і мураваных алтароў і невялікую крыпту, дзе пераховаліся пахаванні святароў і фундатараў. У касцёле зберагаўся і слынны цудадзейны абраз Маці Божай, аздоблены каронамі і срэбранымі шатамі.

Кляштар баніфратаў, апроч таго, складаўся з кляштарных карпусоў, шпіталя, у якім лячыліся ўбогія і вязні, гаспадарчых пабудоваў і сада. Браты-баніфраты забяспечвалі пацыентаў лекамі і прадуктамі. Тут існавала і бібліятэка. У 1831 расейскія ўлады канфіскавалі касцёл і кляштар у манахаў і прадалі іх з публічнага торгу. Пасля 1864 г. касцёл зруйнавалі, а кляштарныя збудаванні прыстасавалі пад жыллё.

Аб’ём касцёла Святога Яна меў важнае, унікальнае значэнне для цэнтра горада, бо на ім сыходзіліся перспектывы адразу чатырох вуліцаў, ён быў бачны і з-за ракі з Замчышча.

Каб сёння гэты храм быў на сваім месцы, то яго можна было бы бачыць праз усе набярэжныя, ад вуліцы Купалы, ад Палаца спорта і аж ад гэтэлю «Беларусь». На ім бы сыходзіліся візуальныя перспектывы вуліцаў Багдановіча, Гандлёвай, Нямігі і праспекта Пераможцаў!
Гэтае абсалютна ўнікальнае палажэнне аб’екта робяць перспектыву ягонага ўзнаўлення проста неабходнай, з горадабудаўнічага гледжання.

На жаль, амаль увесь комплекс знаходзіцца пад асфальтам дарогі, што ўскладняе задачу нават правядзення там археалагічных раскопак, што маглі б прынесці нам, нашчадкам, розныя сенсацыі. На гэтым этапе Таварыства аховы помнікаў прапануе візуальна пазначыць план падмуркаў, акрэсліць тэрыторыю колішняга размяшчэння святыні.

Наступным крокам, калі гэта будзе закладзена ў перспектыўны План гістарычнага цэнтра Мінска, магло б стаць частковае ўзнаўленне аб’ёмаў гэтага ўнікальнага аб’екта ў працэсе рэканструкцыі і добраўпарадкавання Замчышча.
І гэта ўжо не выглядае сёння фантастыкай. Напрыклад, Мінгарвыканкам ужо быў падтрымаў прапанову Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры аднавіць на Кастрычніцкай плошчы сталіцы касцёл Святога Тамаша Аквінскага — помнік барока XVII–XVIII ст.
Ведама, узнавіць страчаны помнік немагчыма, па вызначэнні, як не магчыма ўзнавіць, напрыклад, трохсотгадовы дуб.
Але навечна застаецца намоленнасць месца. І ведучы размову пра неабходнасць пазначыць яго, мы не толькі аддаем даніну памяці нашым продкам, але і ўзбагачаем духоўна саміх сябе.
Што да аб’ёма колішняга аб’екта, то зважаючы на ягоную выключную горадабудаўнічую важнасць, пры дапамозе чаго можна будзе замкнуць перспектыву вуліцаў, сэнсава акрэсліць межы гістарычных тэрыторый, павысіць культурны, асветны і эстэтычны патэнцыял самага цэнтра старажытнага горада, то і яго ўзвядзенне ўжо цалкам рэальнае.
У святле практыкі, што склалася ў нашай краіне, пасля «адбудовы» Нямігі ў выглядзе паркінга, пабудовы новага гатэлю «Еўропа» за тузін мэтраў ад таго месца, дзе гістарычна стаяў колішні гатэль з той жа назваю, або пераносу на іншае месца рэшты будынка мінскае электрастанцыі, усё становіцца рэальным у святле вераемных інтэрпрэтацыў нашае спадчыны, нашае гістарычнае ідэнтычнасці. І ў дадзеным кантэксце ўжо не істотна ці будзе той аб’ект, што гіпатэтычна будзе адпавядаць аб’ёму, стылістыцы і месцу колішняга касцёла баніфратаў, наноў храмам ці выставачна-канцэртнай залай, што будзе несці ў сабе памяць пра былы храм…
Істотна, каб не згубілася сама памяць, якую мы павінны пераняць і перадаць нашчадкам.

З усімі іншымі прапановамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, па розных аб’ектах, такіх як колішняя Узнясенская царква на вуліцы Вызвалення, або касцёла Міхала Арханёла кляштара бенедыктынаў, на вуліцы Рэвалюцыйнай, можна пазнаёміцца і выказаць сваё меркаванне 26 студзеня ў Саюзе архітэктараў.

Менавіта там будзе працяг грамадскага абмеркавання скарэктаванага праекту рэканструкцыі Гістарычнага цэнтра Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?